Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя калёніі рэкамэндуе вызваліць Ц.Дранчука датэрмінова


Любоў Лунёва, Менск Наглядная камісія папраўчай калёніі на менскай вуліцы Кальварыйскай рэкамэндавала Цімафея Дранчука на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Цяпер гэтую рэкамэндацыю разгледзіць суд. Актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука пакаралі годам зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ад 21 лютага яго трымаюць пад вартай.

Да 25 сьнежня справа Цімафея Дранчука трапіць у суд. Сваякі й сябры Цімафея спадзяюцца, што ў студзені ён выйдзе на волю.

Цімафея Дранцука затрымалі супрацоўнікі КДБ 21 лютага, у дзень народзінаў ягонай жонкі Вольгі Анцыповіч. У кватэры зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Разам зь Цімафеем за краты сьледчага ізалятару трапілі Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка. Эніру і Аляксандра пакаралі зьняволеньнем на шэсьць месяцаў, Міколу Астрэйку — на два гады, а Цімафея прысудзілі да году пазбаўленьня волі.

Лідэр арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка выйшаў на волю 17 лістапада. Яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы. Мікола спадзяецца, што хутка Цімафей выйдзе на волю й пабачыцца са сваім сынам Платонам.

(Астрэйка: ) “Я вельмі рады, што нарэшце Цімафей Дранчук прайшоў адміністрацыйную камісію й хутка будзе вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Шкада, канечне, што ён так доўга знаходзіцца за кратамі, але я спадзяюся, што да Новага году Цімафей будзе разам са сваёй сям’ёй, разам са сваім сынам. Шкада, што застаюцца за кратамі іншыя палітвязьні — Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Клімаў, іншыя людзі. Аднак я спадзяюся, што яны ў хуткім часе будуць вызваленыя”.
XS
SM
MD
LG