Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў ня лічаць рэгістрацыю кандыдатаў важнай


Альгерд Невяроўскі, Менск Незалежна ад вынікаў рэгістрацыі апазыцыйныя партыі будуць удзельнічаць у палітычнай кампаніі — каб інфармаваць людзей пра сытуацыю ў Беларусі. Апазыцыйныя лідэры лічаць, што сапраўдных мясцовых выбараў у студзені 2007 году ўсё роўна ня будзе.

14 сьнежня — апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, працэс рэгістрацыі праходзяць больш як 24 тысячы прэтэндэнтаў. 77 чалавек вылучылі апазыцыйныя партыі: БНФ, АГП, ПКБ і БСДП “Грамада”. Яшчэ каля 600 дэмакратычных прэтэндэнтаў вылучаліся праз збор подпісаў грамадзянаў. Сёньня паступалі розныя зьвесткі пра рэгістрацыю апазыцыянэраў.

У некаторых рэгіёнах, як на Берасьцейшчыне, дэмакратычных кандыдатаў рэгістравалі даволі актыўна. У іншых — як, напрыклад, у Гомелі, не зарэгістравалі васьмёх зь дзесяці прэтэндэнтаў на дэпутацтва ў аблсавеце ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Многія прадстаўнікі апазыцыі даволі абыякава ставяцца да гэтай працэдуры. Гаворыць другі сакратар ЦК Партыі камуністаў Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Выбараў як не было, так і ня будзе на гэты раз. Таму — колькі будзе зарэгістравана, для нас ня мае ніякага значэньня. Мы не надаем вялікай увагі гэтай кампаніі — як выбарам. А як палітычная кампанія яна будзе працягвацца для нашых людзей”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч прагназуе, што многіх кандыдатаў, што вылучаліся праз збор подпісаў, не зарэгіструюць. Частка людзей не сабрала подпісаў, частка не рэгістравалася. Спадар Івашкевіч таксама не надае вялікага значэньня гэтым выбарам:

(Івашкевіч: ) “На гэтых выбарах ніякіх рэвалюцыяў не плянавалася, і радыкальна нічога не мяняецца. А дзе будуць зарэгістраваныя кандыдаты, мы правядзем пікеты, мітынгі, раздамо ўлёткі. Але ў прынцыпе, на дзесяць чалавек больш ці менш — ня мае значэньня”.

Кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч і каардынатар перадвыбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Паўлаў лічаць, што гэтую кампанію трэба скарыстаць толькі як сродак камунікацыі з выбарцамі, а пасьля зьняць усе кандыдатуры й ня ўдзельнічаць у галасаваньні.

Вядома, што па Машэраўскай выбарчай акрузе №41 Менску кандыдатам зарэгістраваны лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Ужо ёсьць нямала апазыцыянэраў, якім адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі. Старшыня Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік называе прычыны такіх рашэньняў:

(Лазавік: ) “Вылучаюцца ад партыйнай структуры, якая ня мае права вылучаць. Вылучаюць кандыдатаў у савет, на тэрыторыі якога няма арганізацыі гэтай партыі. І другая прычына — гэта неадпаведнасьць зьвестак, пададзеных у дакумэнтах”.

Паводле Мікалая Лазавіка, канчатковыя зьвесткі пра рэгістрацыю кандыдатаў будуць вядомыя не раней як увечары 15 сьнежня.
XS
SM
MD
LG