Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “КДБ вырашыў праслухоўваць мяне, калі я слухаю “Свабоду”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Палітвязень Мікалай Статкевіч мяркуе, што супрацоўнікі КДБ Пухавіцкага раёну стала праслухоўваюць ягоны пакой. Зьяўленьне спэцыяльных прыладаў у інтэрнаце, дзе жывуць некалькі дзясяткаў “хімікаў”, палітык скарыстаў дзеля сваіх мэтаў.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які адбывае “хімію” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, не выключае, што ў суседнім зь ягоным пакоі ўсталявалі падслухоўвальную апаратуру. Паводле палітыка, гэта зрабілі супрацоўнікі Пухавіцкага міжраённага аддзелу КДБ.

(Статкевіч: ) “На зялёным джыпе “Ніва-Шэўрале”, пра які ўсе ў раёне ведаюць, што гэта аўтамабіль мясцовага начальніка КДБ, да інтэрнату пад’ехалі мужчыны суровага выгляду й рашучым крокам скіраваліся ў кладоўку, якая знаходзіцца побач з маім пакоем. Там яны ўсталявалі нейкую таямнічую тэхніку, пра якую няцяжка здагадацца. Працягнулі ад кладоўкі да выхаду з інтэрнату новы, добра бачны дрот. Потым мясцовыя сувязісты праверылі ўсё на адмысловым шчыце каля дарогі й далучылі дрот да кабэлю мясцовай сувязі. Гэтак апэрацыя пасьпяхова была завершаная.

Такім чынам, цяпер усталяваны сталы правадны мікрафон замест праслухоўваньня мяне праз радыёмікрафон. Бо гэтаму замінала тое, што я рэгулярна слухаю Радыё Свабода, Радыё Рацыя й гляджу тэлевізар, а гэта ўсё дае перашкоды. Да таго ж радыётэлефон трэба часта правяраць. Нікога не цікавіць, што трэба трымаць адмысловую лінію сувязі ад вёскі Блонь да Мар’інай Горкі — грошай не шкада, бо закранутыя дзяржаўныя інтарэсы”.

Палітык кажа, што ня стаў пераразаць дрот, каб ня шкодзіць дзяржаўную маёмасьць, але скарыстаўся новым прыстасаваньнем. У інтэрнаце, дзе жыве Мікалай Статкевіч, разам зь ім жывуць “хімікі”, якія часта парушаюць забарону ўжываць алькаголь. Вечарамі гэтыя людзі, бывае, вельмі шумяць. Днямі Мікалай Статкевіч паказаў сваім суседзям на новы дрот у калідоры й патлумачыў, што цяпер кожны гук у інтэрнаце праслухоўваецца й запісваецца, таму іх могуць пакараць за парушэньне дысцыпліны. Гэта падзейнічала.

(Статкевіч: ) “Яны былі вельмі ўдзячныя мне, і ўчора ўпершыню ў інтэрнаце ўвечары было ціха”.

У Пухавіцкім міжраённым аддзеле КДБ не пацьвердзілі, што супрацоўнікі гэтай установы паставілі падслухоўвальную апаратуру ў інтэрнаце, дзе жыве Мікалай Статкевіч. Супрацоўнік аддзелу Міхаіл Міцкевіч сказаў:

(Міцкевіч: ) “Ад нашага аддзелу ніхто нічога ня ставіў. Магчыма, яму паставілі нешта зусім іншыя людзі? Пры чым тут мы?”

Дзяжурны міліцыянт у спэцкамэндатуры вёскі Блонь таксама сказаў, што нічога ня ведае пра ўсталяваньне апаратуры ў інтэрнаце, а камэндант інтэрнату заявіў Статкевічу, нібыта была ўсталяваная сыгналізацыя. Між тым, палітык гэтаму ня верыць. “Інтэрнат увесь час пад аховай, навошта тут сыгналізацыя?” — зьдзіўляецца Мікалай Статкевіч.



Мікалай Статкевіч быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі за арганізацыю мітынгу супраць вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. На “хіміі” палітык адбыў прыкладна паўтара году. Як кажа Статкевіч, некалькі разоў яго правакавалі, каб пазбавіць датэрміновага вызваленьня. Тры месяцы апазыцыянэру не дазваляюць наведаць хворага бацьку, які жыве ў Баранавічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG