Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія экспэрты пра нафтавую праблему ў дачыненьнях Беларусі й Расеі


Ігар Карней, Менск Многія расейскія аналітыкі ўхваляюць рашэньне ўраду спыніць ільготнае забесьпячэньне нафтай беларускай эканомікі. Нагадаем, у канцы лістапада прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас простага телеэфіру заявіў: ад сярэдзіны 1990-х Беларусь не зрабіла ніводнага пералічэньня ў расейскі бюджэт ад продажу нафтапрадуктаў у трэція краіны.

Паводле Пуціна, прыбыткі ад экспарту нафтапрадуктаў павінны разьмяркоўвацца паміж дзьвюма краінамі ў прапорцыі 85% — Расеі, 15% — Беларусі. Днямі прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў падпісаў пастанову аб скасаваньні льготных паставак нафты ў Беларусь. Чым абумоўленыя такія крокі?

Згодна з пастановай ураду Расейскай Фэдэрацыі, ад 1 студзеня 2007 году экспарт расейскай нафты ў Беларусь будзе абкладзены мытай у такіх жа аб’ёмах, як і для краінаў, што не ўваходзяць у Мытны саюз — 180 даляраў за тону. Кіраўнік расейскага Інстытуту эканамічных стратэгіяў Аляксандар Агееў ня згодны з пашыраным меркаваньнем, што Расея абвясьціла “эканамічную вайну” Беларусі.

(Агееў: ) “У кожнага боку ёсьць свая матывацыя: любы гандляр мае жаданьне падвышаць кошты, тым больш манапаліст. А любы пакупнік хацеў бы купляць прадукцыю таньней. Гэта натуральная лёгіка, нармалёвы гандаль, і “вайна” тут ні пры чым. Калі адзін бок падвышае кошты, іншы імкнецца панізіць ці захаваць іх ранейшымі. Якія рызыкі расейскага боку? Можна атрымаць большы прыбытак з аднаго й таго ж фізычнага аб’ёму паставак, але страціць нашмат больш: давер, ляяльнасьць спажыўца. Нават у тым выпадку, калі яму падзецца няма куды. Бо аб’ём спажываньня газу ці нафты — гэта як аб’ём спажываньня алькаголю й солі. Гэта нізкаэлястычныя тавары, якія залежаць ад тэмпэратуры й наяўнасьці сетак. Да гэтага можна падысьці жорстка альбо элегантна, з разуменьнем усіх рэзонаў ды іншага боку. Але я не скажу, што й беларускія партнэры ў перамовах таксама рэагуюць элегантна”.

Расейскія экспэрты лічаць: Беларусь будзе імкнуцца “адкруціць” рашэньне аб увядзеньні экспартнай пошліны на нафту. Прынамсі, гэта пытаньне падымуць падчас паседжаньня камісіі Пастаяннага камітэту ў тарыфным і нетарыфным рэгуляваньні 22 сьнежня.

Дырэктар маскоўскага Цэнтру параўнальных эканамічных дасьледаваньняў Рубен Яўсьцігнееў не выключае, што пэўнай рэвізіі ўрадавага рашэньня беларускі бок дасягнуць можа.

(Яўсьцігнееў: ) “Усё залежыць ад гнуткасьці, ад палітычнага прафэсіяналізму беларускага ўраду. Вельмі шмат, урэшце, будзе залежыць ад тых людзей, якія мусяць адкінуць залішнія эмоцыі й амбіцыі. Бо палітыкі такога рангу павінны ўмець дамаўляцца ад імя Беларусі ў такіх пытаньнях”.

Старшыня Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы перакананы: у практычна безвыходнай сытуацыі беларускі ўрад пойдзе на любыя саступкі — ад плённасьці перамоваў наўпрост залежыць дабрабыт кіраўнікоў краіны. Паводле спадара Баравога, ад спыненьня нафтаперапрацоўчых заводаў збанкрутуе ня толькі беларуская эканоміка, але й сам рэжым.

(Баравы: ) “Шмат прыкладаў таго, як беларускія прадпрыемствы, якія называюцца дзяржаўнымі, насамрэч проста ўзбагачаюць вярхушку Беларусі. Перадусім, гэта тычыцца якраз нафтаперапрацоўчых заводаў, якія фармуюць ня толькі бюджэт Беларусі, але й бюджэт асобных кіраўнікоў. Але, на маё перакананьне, простая залежнасьць эканомікі ад палітыкі — гэта абсалютна бандыцкая сытуацыя, вельмі падобная да той, якая была ў Савецкім Саюзе. Маецца вельмі шмат прыкладаў, ёсьць назвы канкрэтных прадпрыемстваў, якія ледзьве не прыватызаваныя ўладамі. І тое, што мне расказваюць беларускія прадпрымальнікі, гэта звычайны бандытызм уладаў”.

Падлічана, што страты Беларусі ад рашэньня расейскага ўраду складуць да 2 мільярдаў даляраў. А вось Расея дадаткова атрымае ў бюджэт больш як 3,5 мільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG