Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Васіль Гроднікаў<br><br>13.1.1938, в. Старая Алешня (цяпер Рагачоўскі раён) — 17.10.2005, Заслаўе. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ягоныя публікацыі абмяркоўвалі ў курылках і ў тралейбусах. Аднойчы я сам быў сьведкам і ўдзельнікам такой дыскусіі і з гэтае прычыны праехаў некалькі лішніх прыпынкаў. Артыкул называўся “Аброць на Беларусь, або Пра што мы гаварылі з прэзыдэнтам у маёй хаце з вока на вока”.

А гаварылі яны пра тое, што за апошнія дзесяць гадоў Беларусь ператварылася ў краіну анамальных зьяваў — ад становішча з мовай да зьдзеку зь вясковых жыхароў, якія ў ХХІ стагодзьдзі нярэдка вымушаныя жыць амаль у сярэднявечных умовах. Размова аўтара з прэзыдэнтам была віртуальнай, але я не сумняюся, што гэты барадач з праніклівымі мудрымі вачыма адкрыта сказаў бы прэзыдэнту пра ўсё набалелае і ў рэальнасьці.

Хтосьці, пераадолеўшы пэнсійны рубеж, дае сабе адпачынак і засяроджваецца на клопатах, зьвязаных зь лецішчам. Магчыма, такі намер меў і колішні журналіст “Чырвонай зьмены” і галоўны рэдактар кінастудыі “Летапіс” Васіль Гроднікаў. Сваімі рукамі ён адбудаваў двухпавярховы дом у вёсцы з калярытнай назваю Мазалі на Маладэчаншчыне. Здавалася б, можна набыць “Каляндар садавода і агародніка” й жыць у сваё задавальненьне. Але тое, што чынілася ў краіне, зноў змусіла Васіля ўзяцца за пяро. На старонках “Народнай волі” пачалі адзін за адным зьяўляцца ягоныя вострыя, аналітычныя, з адразу пазнавальнымі стылем і мовай артыкулы. Найлепшыя зь іх — “Грахі нашы цяжкія”, “Асьцярожна: пятая калёна”, ужо згаданая “Аброць на Беларусь” былі публіцыстыкай высокай пробы.

Да Гроднікава прыйшло магутнае “другое дыханьне”, якое прынесла вядомасьць і ўвагу — як прыхільнікаў і аднадумцаў, так і тых, для каго Беларусь была не радзімай, а толькі тэрыторыяй, дзе яны пакуль адчувалі сябе беспакарана. Родны Васілёў брат пісьменьнік Мікола Гроднеў (розьніца ў прозьвішчах — вынік памылкі п’янага сельсаветаўскага пісарчука) згадвае, што ягоны сусед па лецішчы літаратуразнавец Дзьмітры Бугаёў неяк сказаў: “Як гэта твой Васіль так сьмела піша? Яго ж забіць могуць”. Пачуўшы братаў аповед, Гроднікаў толькі засьмяяўся.

Яго знайшлі дома мёртвым. На сьценах і падлозе налічілі дзевятнаццаць крывавых плямаў. Сьледзтва прыйшло да высновы, што сьмерць была выпадковай, і крымінальную справу хутка закрылі. Цікава, што ў падтрымку афіцыйнай вэрсіі гібелі журналіста матэрыял пад назваю “Роковой угол падения” зьмясьціла “Советская Белоруссия”.

Разгортваючы сьвежы нумар “Народнай волі”, я часам лаўлю сябе на думцы, што шукаю Васілёў матэрыял. Яго адметнага мужнага голасу не хапае многім.
XS
SM
MD
LG