Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб пачаць бізнэс у Беларусі, трэба прайсьці 16 працэдур


Міхал Стэльмак, Менск Увечары 13 сьнежня ў Менску адбылося падсумаваньне вынікаў разьвіцьця беларускага бізнэсу ў 2006 годзе. Ініцыявала “круглы стол” экспэртаў беларускае прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі пры ўдзеле бізнэс-парталу bel.biz.

Паводле экспэртаў, адыходзячы год для беларускага бізнэсу адметны супярэчлівымі тэндэнцыямі. Гаворыць старшыня бізнэс-саюзу імя прафэсара Куняўскага Георгій Бадзей:

(Бадзей: ) “Год прайшоў, але я не магу сказаць, што год прынёс нам посьпехі з пункту гледжаньня разьвіцьця прадпрымальніцтва. Так, макраэканамічныя паказчыкі, тэмпы і таму падобнае добра, але з пункту гледжаньня разьвіцьця прадпрымальніцтва руху няма. Калі рост малых прадпрыемстваў у год не больш як 3 працэнты, то гэта не рост”.

У бізнэс-саюзе імя Куняўскага лічаць, што колькасьць суб’ектаў дробнага прадпрымальніцтва ў Беларусі недастатковая. Асабліва гэта прыкметна, як падкрэсьліў спадар Бадзей, на фоне суседніх краінаў – Літвы, Украіны. Адной з галоўных прычынаў маруднага разьвіцьця айчыннага бізнэсу экспэрты лічаць няроўныя ўмовы гаспадараньня для дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных фірмаў. Прадпрымальнікі маюць, напрыклад, прэтэнзіі да айчыннай сыстэмы падаткаабкладаньня. Дарэчы, якраз сёлета Усясьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя разьмясьцілі беларускую практыку падаткаабкладаньня ў міжнародным рэйтынгу на 155-й пазыцыі – як самую складаную й грувасткую.

Экспэрты адзначаюць, што беларускаму бізнэсу сёлета даводзілася трымаць актыўную абарону у дачыненьнях з уладамі. Гаворыць лідэр Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін:

(Карагін: ) “Як бы не было, але ніхто не можа кінуць папрок беларускаму бізнэсу, што мы не працавалі, апусьцілі рукі. Нам удалося зьнізіць тарыфы на натарыяльныя паслугі. Усё-такі пайшоў на гэта ўрад – шмат гадоў угаворвалі. Удалося спрасьціць некаторыя праверачныя працэдуры – рэгістрацыйныя і гэтак далей”.

Прынамсі, як лічаць экспэрты, тут усё яшчэ застаецца шмат цяжкасьцяў для бізнэсоўцаў. Каб пачаць бізнэс у Беларусі, трэба прайсьці 16 працэдур. Паводле гэтага паказчыку, яе сёлетняе месца ў сьвеце – 148-е.

Як і ў папярэднія гады, у 2006-м годзе адсутнічала цікавасьць да Беларусі з боку замежных інвэстараў. Меркаваньне кіраўніка навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “Бізнэс-клімат пагоршыўся, інвэстыцыйны клімат не дае ніякіх падстаў для аптымізму. Грошы зь Беларусі ўцякаюць. Экспарт высокатэхналягічных тавараў складае толькі тры працэнты, ад таго, што мы экспартуем, вывозім. Наша краіна толькі арыентавана на сыравіну. І паступова нас будуць выцясьняць не толькі польскія, літоўскія і эўрапейскія кампаніі, а таксама ўжо расейскія і ўкраінскія”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG