Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чыноўнікі вызначаць плян па мэдалях для беларускіх алімпійцаў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца паседжаньне сумеснай калегіі Нацыянальнага Алімпійскага камітэту (НАК) і Міністэрства спорту і турызму. Журналісты на мерапрыемства не запрошаныя. Тым ня менш, стала вядома, што апроч падсумаваньня вынікаў сёлетняга спартовага сэзону будуць акрэсьленыя мэдалёвыя пэрспэктывы для нацыянальнай зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Кітаі.

На Алімпіядзе 2008 году ў Кітаі беларуская зборная здольная заваяваць 20 мэдалёў. Такія пэрспэктывы нядаўна акрэсьліў міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў, які прызначаны шэфам беларускай місіі ў Пэкіне. Адна з колісь мацнейшых беларускіх гімнастак Яўгенія Паўліна лічыць спробы навязаць спартоўцам падвышаныя абавязацельствы бясплённымі:

(Паўліна: ) “Як любога спартоўца мяне прыводзіць у шаленства слова “плян”. Бо я разумею: Алімпійскія гульні – пэўна, адзіныя спаборніцтвы, дзе перамагае не заўсёды мацнейшы фізычна, а мацнейшы псыхалягічна. Я мяркую, у нас якраз ад гэтага ўсё пакутуе насамрэч больш. А людзі, якія гавораць пра плянаваньне , я нават ня ведаю, як іх назваць. Пэўна, гэта якіясьці ўнікумы. Бо для таго, каб штосьці плянаваць, трэба як мінімум улезьці ў душу кожнаму спартоўцу. А што там унутры робіцца – нікому невядома”.

Экспэрты кажуць, што выканаць мэдалёвыя пляны зборнай Беларусі будзе складана ня толькі з-за таго, што кітайцы ў родных сьценах наўрад ці пакінуць астатнім нейкія шанцы адзначыцца. У адсутнасьць якаснай алімпійскай трэніровачнай базы першыя нумары спартовых камандаў усё часьцей пачынаюць выступаць пад сьцягамі іншых краінаў. Надзея беларускага плаваньня Алена Попчанка сёлета дэбютавала за Францыю. Скакун з шастом Дзьмітрый Маркаў зьехаў у Аўстралію. Аўстралійскае грамадзянства ўзяла і бронзавая прызэрка алімпійскіх гульняў у Сыднэі Лаліта Яўглеўская. Маці спартоўкі Вольга Міхайлаўна кажа, што беларускія ўлады шмат у чым самі вінаватыя ў адтоку алімпійцаў.

(Яўглеўская: ) “Я за яе ўсё роўна буду перажываць, найперш, як за дачку. Да таго ж, яна хацела кантракт падпісаць са сваёй камандай, але тут штосьці “замяліся”. Ці то грошай няма ў Менск выклікаць, бо дарагі пералёт, ці яшчэ нейкія прычыны. Але яна там куды больш плённа трэніруецца, там ёй, як усім спартоўцам, створаныя найлепшыя ўмовы. Яна за Аўстралію ўжо некалькі разоў выступала, стала чэмпіёнкай. Яна там зорка. Бачыла на свае вочы, у яе ёсьць адмысловая “залатая куля” чэмпіёнкі Аўстраліі”.

Сумесная калегія НАК і Міністэрства спорту і турызму ня толькі акрэсьліць напрамкі падрыхтоўкі да Алімпіяды ў Пэкіне, але і падсумуе вынікі 2006 году. Перадусім, як кажуць спэцыялісты, трэба чакаць крытыкі за няўдалы выступ на зімовай Алімпіядзе ў Турыне, адкуль беларусы прывезьлі толькі адну ўзнагароду.

Варта нагадаць, што ў 2000-м з Аўстраліі пры пляне ў 25 мэдалёў беларусы прывезьлі 17 узнагародаў; праз чатыры гады ў Афінах посьпехі былі яшчэ больш сьціплымі – 15 узнагародаў на фоне тых жа 25 плянаваных.
XS
SM
MD
LG