Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2040 годзе ў Арктыцы ня будзе лёду?


Ганна Соўсь, Прага У Паўночным Ледавітым акіяне лёд тае так хутка, што праз трыццаць гадоў Паўночны полюс апынецца ў адкрытым моры, паведамляюць вядучыя кліматолягі сьвету. Пра гэта піша брытанская газэта “Таймс”.

У 2040 годзе караблі змогуць праплываць над гэтак званай вяршыняй сьвету, а турысты – наведваць месца, якое да кліматычных зьменаў было адным з самых недаступных на плянэце. Амэрыканскія навукоўцы, якія дасьледуюць ўплыў выкідаў вуглякіслага газу на сусьветны клімат, падлічылі сёлета, што да 2040 году альбо нават і раней ў Арктыцы не застанецца лёду, піша “Таймс”.

Лёд усё яшчэ застанецца на ўзьбярэжжы, напрыклад у Грэнляндыі і на выспе Элесмэр, аднак астатняя частка Атлянтычнага акіяну, уключна з Паўночным полюсам будзе адкрытая.

Дасьледаваньне, праведзенае пры падтрымцы NASA, паведамляе, што раставаньне ледавікоў працягнецца з той жа хуткасьцю да 2024 году, а потым гэты працэс нечакана паскорыцца. І цягам 30-50 гадоў, лічаць навукоўцы, круглагадзічны лёд зьнікне амаль ва ўсёй Атлантыцы.

Аднак, паводле прафэсара Крыса Рэплі, кіраўніка Антарктычнага ўпраўленьня Вялікай Брытаніі, гэты прагноз ужо састарэў і празьмерна аптымістычны. Паводле навукоўца, апошняе дасьледаваньне паказала, што выкіды парніковых газаў у атмасфэру ў параўнаньні з 2000 годам сталі расьці ўдвая хутчэй, што, як чакаецца, павінна яшчэ паскорыць раставаньне лёду. За апошнія 25 гадоў плошча арктычных ледавікоў паменшылася на 25 працэнтаў. Навукоўцы даўно ўсьвядомілі, што лёд адлюстроўвае сонечнае сьвятло, таму з памяншэньнем паверхні лёду памяншаецца і колькасьць сонечнай энэргіі, якую здольная адлюстроўваць Зямля. Аднак група навукоўцаў з Нацыянальнага цэнтру атмасфэрных дасьледаваньняў ў Каларада і двух унівэрсытэтаў ЗША вызначыла, што ў якасьці дадатковага фактару неабходна браць на ўвагу яшчэ і цёплыя акіянічныя цячэньні. Раставаньне леднікоў ужо стварае складанасьці для белых мядзьведзяў. У будучыні гэта нэгатыўным чынам будзе ўплываць і на другіх жывёлінаў, уключна з цюленямі, піша брытанская “Таймс”. Раставаньне марскога лёду не прывядзе да падвышэньня ўзроўню Сусьветнага акіяну, паколькі лёд – гэта проста вада ў цьвёрдым стане сярод жывой вады. Аднак, калі растае лёд і сьнег у Грэнляндыі, то, як чакаецца, ўзровень акіяну падвысіцца на 7 мэтраў. У заяве, якую, найбольш верагодна, падтрымаюць эколягі, гаворыцца, што зьніжэньне выкідаў вуклякіслага газу і прызнаньне першапрычыны глябальнага пацяпленьня дазволіць істотна запаволіць раставаньне леднікоў. Памяншэньне выкідаў парніковых газаў зьмякчыць верагоднасьць гэтакага разьвіцьця падзеяў, піша брытанская газэта “Таймс”.
XS
SM
MD
LG