Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Расеі камэнтуюць адмену льготаў па нафце?


Юры Дракахруст, Прага Якія палітычныя матывы апошніх рашэньняў расейскіх уладаў адносна Беларусі, у прыватнасьці, увядзеньня экспартных мытаў на пастаўкі нафты? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік старшыні камісіі па міжнародным супрацоўніцтве Грамадзкай палаты пры прэзыдэнце Расеі, палітоляг Сяргей Маркаў.

(Маркаў: ) “Я мяркую, што гэтыя рашэньні выкліканыя расчараваньнем расейскіх ўладаў занадта вялікай жорсткасьцю беларускага боку ў хадзе інтэграцыі. Праблема вельмі простая – калі Расея і Беларусь ідуць па шляху ўзаемнай інтэграцыі, тады магчыма захаваньне асаблівасьцяў беларускай палітычнай і эканамічнай сыстэмы, заходзячы з мадэлі "адна краіна – дзьве сыстэмы". Але інтэграцыя павінна ісьці. І тады Расея будзе зацікаўленай, каб беларуская эканоміка знаходзілася ў больш спрыяльнай сытуацыі. Калі ж руху да інтэграцыі няма, а ёсьць нават адваротны рух, калі ёсьць празьмерная жорсткасьць беларускага боку па ўсіх перамоўных пазыцыях, тады Расея губляе зацікаўленасьць у тым, каб субсыдыяваць беларускую эканоміку. Зразумела, Расея і Беларусь павінны пазьбегнуць сытуацыі, як паводзінаў дзяцей у пясочніцы, якія сварацца, дзеляць лялькі і кідаюцца пясочкам. Мы гэтага, зразумела, не павінны дапусьціць. Галоўнае павінна быць захавана”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маркаў, але ж некаторыя ў Расеі кажуць, што такім чынам тое, што Вы называеце галоўным, будзе страчана, а не захавана, што Расея “згубіць апошняга саюзьніка”.

(Маркаў: ) “Беларусь – не апошні саюзьнік Расеі, хаця сапраўды самы пасьлядоўны, самы цьвёрды, самы наш. Але і гэтыя пазыцыі губляюцца. Мы бачым, што ў беларускіх дзяржаўных мэдыях ідзе сур''ёзная антырасейская прапаганда. І робіцца паводле загаду прэзыдэнта Лукашэнкі. Дайшло да таго, што паводле апытаньняў, ва Ўкраіне жаданьне інтэгравацца з Расеяй больш, чым у Беларусі, ня гледзячы на тое, што і газавы канфлікт з Украінай быў больш востры. Узровень антырасейскасьці беларускіх СМІ, нават вышэй, чым украінскіх. І гэта таксама адна з прычынаў незадавальненьня Расеі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маркаў, а робячы такія крокі, ці выключаюць у Крамлі такі варыянт, што гэта прывядзе да адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі і прыходу да ўлады сілаў, якія павядуць Беларусь на Захад?”

(Маркаў: ) “Я мяркую, што ў Крамлі ўлічваюць імавернасьць такога сцэнару, хаця і лічыць, што яна невялікая. Эканамічны і сацыяльны крызіс магчымы, але ён наўрад ці перарасьце ў палітычны, паколькі папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі значна, на некалькі парадкаў вышэй папулярнасьці ўсіх ягоных апанэнтаў разам узятых. Магчымасьць праблемаў для Беларусі ёсьць, магчымасьць праблемаў для Лукашэнкі таксама ёсьць, але не да ступені зьмены ўлады. Гэта на сёньняшні дзень вельмі малаімаверна”.
XS
SM
MD
LG