Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд былому жлобінскаму судзьдзю Ярашэвічу скасаваны


Радыё Свабода Аднак калегія крымінальных справаў адмяніла пакараньне былому судзьдзі Ярашэвічу за абразу рагачоўскіх судзьдзяў.

Прысуд былому жлобінскаму судзьдзю Ярашэвічу скасаваны

Cёньня калегія крымінальных справаў Гомельскага абласнога суду пад старшынёўствам адмяніла вырак Сьветлагорскага райсуду — аб пакараньні былога судзьдзі Сяргея Ярашэвіча за абразу судзьдзяў з Рагачова.

Мы ўжо паведамлялі, што суд Сьветлагорскага раёну прызнаў вінаватым былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча ў абразе судзьдзяў з Рагачова Ўладзімера Саламейчука й Мікалая Рубісава. Былога судзьдзю пакаралі двума гадамі папраўчых работ з утрыманьнем у даход дзяржавы 20% заробку.

Падставай для крымінальнага перасьледу спадара Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць рагачоўскіх судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія судзілі згодна з прынцыпам “быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.

Гэты вырак і аспрэчваў сёньня ў аблсудзе спадар Ярашэвіч. Ён патлумачыў калегіі, што запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду зрабіў зусім ня дзеля абразы судзьдзяў.

Гэтак спадар Ярашэвіч абурыўся на бяспраўе, якое ўчынілі рагачоўскія судзьдзі, калі прызналі Ярашэвіча вінаватым у блытанай крымінальнай справе — пра хуліганства датычна былога міліцыянта са Жлобіна.

Сяргей Ярашэвіч распавёў калегіі, што судзьдзі з Рагачова праігнаравалі ягоныя хадайніцтвы, сказілі паказаньні сьведкі, адхілілі заўвагі на пратакол судовага паседжаньня.

“Мяне, юрыста, асудзілі на падставе бяспраўя”, — сказаў Ярашэвіч.

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня з абласной пракуратуры Андрэй Лагуновіч настойваў на тым, што Сяргей Ярашэвіч усё-такі абразіў рагачоўскіх судзьдзяў. Кніга заўваг, на думку прадстаўніка пракуратуры, прызначаная для публічнага карыстаньня, яе чытаюць іншыя. Таму й ня трэба адмяняць выраку Сьветлагорскага суду аб пакараньні Сяргея Ярашэвіча.



(Ярашэвіч: ) “Гэта хоць нейкая надзея на аб’ектыўнасьць і непрадузятасьць суду. Запіс у кнізе прапановаў я зрабіў ня дзеля абразы судзьдзяў, а каб зьвярнуць увагу на тое беззаконьне, якое твораць судзьдзі ў дачыненьні некаторых абвінавачаных — у прыватнасьці, мяне”, — заявіў пасьля паседжаньня калегіі былы судзьдзя Ярашэвіч.

Паводле рашэньня калегіі абласнога суду, крымінальную справу на Сяргея Ярашэвіча аб абразе рагачоўскіх судзьдзяў, якую распачала абласная пракуратура, будзе наноў разглядаць суд Савецкага раёну Гомелю.
XS
SM
MD
LG