Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскага актывіста Аляксея Салея арыштавалі на 7 сутак


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Ленінскім райсудзе Горадні грамадзкага актывіста Аляксея Салея арыштавалі на 7 сутак, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве й непадпарадкаваньні міліцыі.

Аляксея Салея затрымалі ў аўторак увечары ў Горадні й пратрымалі ноч у міліцэйскім ізалятары. У судзе высьветлілася, што яго вінавацяць у дробным хуліганстве, а таксама ў непадпарадкаваньні міліцыі. Два супрацоўнікі, якія яго затрымалі, былі ў цывільным і спачатку не прадставіліся.

(Салей: ) “Сказалі, што для высьвятленьня асобы забралі. Потым напісалі, што лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў, супраціў міліцыі аказаў. Адабралі ў мяне адразу мабільны тэлефон, не давалі есьці, ня бралі перадачаў. Спачатку я сядзеў у камэры адзін, потым падсадзілі яшчэ дваіх. У камэры дастаткова халодна было, я яшчэ застудзіўшыся”.

Галоўны рэдактар часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie” Андрэй Пачобут удакладніў:

(Пачобут: ) “Учора мы вярсталі “Magazyn Polski” амаль цэлы дзень. Аляксей на дзесяць хвілін хацеў выйсьці ў аптэку, таму што ў яго была тэмпэратура, бо ён застудзіўся. Выйшаў, і даслоўна празь некалькі хвілінаў тэлефануе знаёмы — кажа, што яго затрымалі. Мы паехалі ў міліцыю, дастаткова доўга не маглі высьветліць — хто яго затрымаў і дзе ён знаходзіцца, у дзяжурнай частцы ніхто ня ведаў. І толькі праз гадзіну мы дакладна даведаліся, што ён сапраўды затрыманы”.

Спадар Пачобут зазначае, што ля будынку, дзе рыхтавалі новы нумар часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie”, дзяжурыла міліцэйская машына. Таму міліцыянты бачылі Аляксея Салея й вельмі хутка яго затрымалі.

Судзьдзя Натальля Козел выслухала сьведчаньні міліцыянтаў Піцька й Вечара, а двух сьведкаў з боку Аляксея Салея выклікаць у суд адмовілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG