Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: апазыцыянэраў не рэгіструюць кандыдатамі


Радыё Свабода Каля 17-й гадзіны ў Віцебску скончылася паседжаньне гарадзкой выбарчай камісіі. Журналістаў недзяржаўных СМІ туды не пусьцлі, заявіўшы, што гэта “закрытае мерапрыемства”.

Гарадзкая камісія не зарэгістравала кандыдатамі віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава, моладзевага грамадзкага актывіста Яраслава Манцэвіча, мясцовага лідэра “Народнай грамады” Аляксея Гаўруцікава. Самая распаўсюджаная прычына адмоваў у рэгістрацыі — нібыта несапраўдныя подпісы. Прыкладам, з агульнай колькасьці подпісаў, сабраных за вылучэньне спадара Гаўруцікава, несапраўднымі прызналі 34%.

(Гаўруцікаў: ) “Несапраўдныя подпісы! Ня ведаю, як там атрымалася, паводле іхных разьлікаў! Я асабіста подпісы зьбіраў, разам з братам. А мне ў акце напісалі, што чалавек адмаўляецца ад свайго подпісу! Ці нам патрэбнае было махлярства? Валяць яны нас, усіх валяць!”

Ужо вядомыя некаторыя вынікі рэгістрацыі вылучэнцаў ад апазыцыі і ў Віцебскі аблсавет. Выбарчая камісія Пралетарскай акругі не зарэгістравала на кандыдата старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Уладзіслава Токарава, і падстава для адмовы тая самая — несапраўднасьць значнай часткі сабраных подпісаў.

(Токараў: ) “Калі я прыйшоў на паседжаньне гэтай камісіі, то мне сказалі, што падчас праверкі знайшліся несапраўдныя подпісы — маўляў, людзі ад сваіх подпісаў адмаўляюцца. Я папрасіў, каб мне паказалі акты праверкі подпісаў, бо я ўпэўнены, што людзі адмовіліся пад ціскам. Тады старшыня камісіі кажа: “Вы таксама зьбіраецеся на іх ціснуць! Мы можам вам даць хіба копію рашэньня камісіі ў справе вашай рэгістрацыі”.

Заўтра пра рэгістрацыю даведаюцца тыя, хто падаваў дакумэнты 4 сьнежня. Пераважная колькасьць не зарэгістраваных камісіямі апазыцыянэраў зьбіраецца абскарджваць мясцовыя рашэньні ў ЦВК.
XS
SM
MD
LG