Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты патрабуюць аднавіць на працы выкладчыка


Любоў Лунёва, Менск Былы дацэнт Пэдагагічнага ўнівэрсытэту Юрась Бачышча, звольнены падчас выбарчай кампаніі, спрабуе аднавіцца на працы праз суд. Юрась Бачышча быў незалежным назіральнікам на выбарах. 17 сакавіка адміністрацыя ўнівэрсытэту запатрабавала, каб ён спыніў назіраньне за выбарамі, а 23 сакавіка яго звольнілі з фармулёўкай “за амаральныя паводзіны”.

Юрась Бачышча ўпэўнены, што ягонае звальненьне зьвязанае з удзелам у выбарчай кампаніі. Ён працаваў на пасадзе дацэнта катэдры славянскай гісторыі й мэтадалёгіі гістарычнай навукі пэдунівэрсытэту. У часе датэрміновага галасаваньня прысутнічаў на выбарчым участку як незалежны назіральнік і склаў пратаколы парушэньняў. 17 сакавіка дацэнта выклікалі ў рэктарат. Гаворыць Юрась Бачышча:

(Бачышча: ) “Вялася размова пра тое, што я раблю на выбарчым участку, ад каго я там прысутнічаю, што за акт я складаў на камісію… Паведамлялася, што гэта нейкая дысцыплінарная камісія, якая мусіць разабрацца з маімі паводзінамі на ўчастку. Мне казалі, што паступіў тэлефонны званок з адміністрацыі Маскоўскага раёну з просьбай разабрацца з маімі паводзінамі на выбарчым участку”.

Пасьля гэтага загадчык катэдры папрасіў свайго падначаленага напісаць заяву звольніцца на ўласнае жаданьне. Юрась Бачышча адмовіўся. 23 сакавіка яго азнаёмілі з загадам, які выйшаў яшчэ 21 сакавіка, — пра тое, што ён звольнены з фармулёўкай “за амаральныя паводзіны, якія не адпавядаюць займанай пасадзе, зьвязанай з выхаваўчай дзейнасьцю”.

Юрась высьветліў, што яго звольнілі на падставе дакладной ад студэнта, які паведаміў, што чуў ад свайго аднакурсьніка, што выкладчык распаўсюджвае ва ўнівэрсытэце дыскету з мультфільмамі палітычнага зьместу. Пры гэтым адміністрацыя ня стала праводзіць праверкі. Паводле факту распаўсюду мультфільмаў сярод студэнтаў пракуратура распачала крымінальную справу.

Прызналі, што мультфільмы абражаюць гонар Аляксандра Лукашэнкі, але справу супраць былога выкладчыка спынілі, бо сьледзтва не знайшло доказаў распаўсюду зь ягонага боку. Юрась Бачышча, які мае навуковую ступень, ня можа цяпер уладкавацца на працу нават у сярэднюю школу. Запіс у працоўнай кніжцы забараняе яму займацца выкладчыцкай дзейнасьцю. Цяпер ён вымушаны ў судзе дабівацца аднаўленьня на працы, каб скасаваць запіс.

(Бачышча: ) “Я ва ўнівэрсытэце займаўся выключна пэдагагічнай, выкладчыцкай, навуковай і выхаваўчай дзейнасьцю. Пры гэтым я нічога не парушаў, палітычных заклікаў сярод студэнтаў не рабіў. Тое, што я ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі як незалежны назіральнік, цалкам адпавядае нашаму закону й не зьяўляецца парушэньнем. Таму я лічу, што маё звальненьне з унівэрсытэту было незаконнае, паколькі асноўным матывам, на мой погляд, зьяўляецца менавіта мой удзел у выбарчай кампаніі”.

Пракуратура падчас сьледзтва дапытала студэнтаў і таго, хто напісаў дакладную на свайго выкладчыка, — і не знайшла доказаў віны. Сёньня на суд прыйшлі студэнты. Яны прынесьлі заяву, пад якой падпісаліся 146 чалавек, з патрабаваньнем аднавіць на працы Юрася Бачышчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG