Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Беларусі заклікае вызваліць усіх палітзьняволеных


Радыё Свабода У аўторак на паседжаньні Рады бясьпекі ААН прадстаўнік Злучаных Штатаў закрануў тэму правоў чалавека ў Беларусі, а таксама галадоўку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Сёньня часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур правёў прэсавую канфэрэнцыю.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць усе магчымасьці, каб абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

(Мур: ) “Прыкладам можа служыць рэзалюцыя, якую прыняў нядаўна трэці камітэт Генэральнай Асамблеі ААН. Мы захапляемся рашучасьцю Аляксандра Казуліна, і мы рады, што ён скончыў галадоўку й надалей можа працаваць дзеля дэмакратыі й свабоды ў Беларусі. Злучаныя Штаты зноў заклікаюць беларускія ўлады вызваліць усіх палітычных зьняволеных”.

Часовы павераны ў справах ЗША спадар Мур паведаміў, што пытаньне аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі й галадоўцы Казуліна закранулі на паседжаньні Рады бясьпекі — на парадку дня ў рубрыцы “Іншыя пытаньні”.

(Мур: ) “Пытаньне ўзьнялі не таму, што мы чакаем працяглага абмеркаваньня ў Радзе бясьпекі альбо канкрэтных дзеяньняў. Мы ўзьнялі гэтае пытаньне, бо стараемся выкарыстаць любую магчымасьць для абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

Амбасада ЗША прыкладае намаганьні, каб сустрэцца з Казуліным. Нядаўна яна выступіла з адпаведнай заявай — але прадстаўнікам дыпляматычнай місіі афіцыйныя беларускія ўлады адмовілі ў сустрэчы, паведаміў спадар Мур.

Што да прыняцьця Сэнатам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур сказаў:

(Мур: ) “Я атрымаў інфармацыю з Вашынгтону, што Сэнат прыняў “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”. Перш за ўсё Палата прадстаўнікоў — 397 галасоў — за, 2 — супраць. А потым мы даведаліся, што ў Сэнаце “Акт” ухвалены аднагалосна. Гэты законапраект — вельмі важны крок, асабліва таму, што гэта адно з апошніх дзеяньняў, зробленых Кангрэсам 109-га скліканьня. І той факт, што гэты “Акт” прайшоў з такой перавагай галасоў, сьведчыць пра стаўленьне Кангрэсу”.
XS
SM
MD
LG