Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>ЗША могуць ізноў узьняць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН</B>


Радыё Свабода Сёньня намесьнік пасла ЗША ў Беларусі Джонатан Мур выступіў з адмысловай заявай у сувязі з тым, што Злучаныя Штаты ўзьнялі ў Радзе бясьпекі ААН пытаньне аб парушэньні ў Беларусі правоў чалавека.

Спадар Мур падкрэсьліў, што ЗША выкарыстоўваюць усе магчымасьці, каб абмеркаваць гэтае пытаньне.

Ён паведаміў, што гэтым разам пытаньне Беларусі было ўзьнятае на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН у рубрыцы “Рознае”.

“Мы не выключаем, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў будучыні, магчыма, у нейкім іншым фармаце,” – заявіў намесьнік пасла ЗША.

Ён адзначыў, што Злучаныя Штаты прапанавалі разгледзець сытуацыю ў Беларусі ня толькі з прычыны галадоўкі Аляксандра Казуліна, але і “з прычыны занепакоенасьці больш шырокім колам праблемаў, зьвязаных з правамі чалавека ў Беларусі”.

“Мы захапляемся мужнасьцю Аляксандра Казуліна і мы радыя таму, што выйшаўшы з галадоўкі, ён зможа і далей працаваць для свабоды і дэмакратыі ў Беларусі,” – заявіў Джонатан Мур.

Ён паведаміў, што супрацоўнікі пасольства ЗША, як і прадстаўнікі іншых дыпмісіяў, спрабавалі атрымаць дазвол на сустрэчу з Казуліным, але ім было адмоўлена на той падставе, што яны – замежнікі.
XS
SM
MD
LG