Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ставяцца да падвышэньня цаны на расейскую нафту?


Альгерд Невяроўскі, Менск З 1 студзеня 2007 году Расея ўводзіць экспартнае мыта на нафту для Беларусі — гэта больш як 180 даляраў за тону. Як да гэтага рашэньня ставяцца беларусы? Ці непакоіць яно іх? Ці адаб’ецца ўвядзеньне новых мытаў на дабрабыце людзей?

(Спадар: ) “Ну і няхай. Як гаворыць прэзыдэнт — будуць адэкватныя меры. Нешта й мы зробім. Што ні робіць Расея — усё добра. Там болей свабоды. Я ім больш веру, а тут ня хочацца верыць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Пэўна непакоіць. Я лічу, што Расея ня мае рацыі. Сяброўскім краінам, як гаворыць наш прэзыдэнт, павінны за такі ж кошт прадаваць нафту, як і ў Расеі. І гэта будзе правільна”.

(Спадарыня: ) “Відаць, паўплывае. Бо пэнсія малая, а аднапакаёвая кватэра каштуе да 70 тысяч рублёў. А як павялічыцца ў два разы, будзе каштаваць амаль палову пэнсіі. Адмоўна стаўлюся да такога рашэньня”.

(Спадар: ) “Гэтае падвышэньне непасрэдна паўплывае на наш дабрабыт. Ужо цяпер цана на бэнзін расьце. Я аўтаўладальнік. І мне падаецца, што будзе дэвальвацыя рубля. Гэтае рашэньне Расеі, у прынцыпе слушнае, бо яны вырашаюць свае эканамічныя пытаньні. Але сур’ёзна адаб’ецца на дабрабыце беларускіх жыхароў”.

(Дзяўчына: ) “Натуральна, што адмоўна. Цэны вырастуць. Увогуле там цяпер нейкі ідыятызм з акцызамі, зь іншым, плюс гэтая нафта. Усё вельмі кепска”.

(Хлопец: ) “Падаражэе газ, бэнзін, адпаведна вырастуць цэны. А зарплаты, відаць, ня надта павялічацца. Пагоршыцца матэрыяльны стан”.

(Спадар: ) “Адаб’ецца на дабрабыце. Але, мне падаецца, Расея мае права прадаваць за ўсясьветныя цэны. Гэтым займаецца ня толькі Расея. Думаю, Беларусь трохі страціць. Але гэта падштурхне Беларусь да мадэрнізацыі прамысловасьці, да рэформаў”.

(Спадар: ) “Я да Расеі ня вельмі добра стаўлюся. Трэба заключаць дамову з Уга Чавэсам”.

(Спадар: ) “Як гэта паўплывае — час пакажа. А стаўлюся? За ўсё трэба плаціць. Калі прадавец ставіць такую цану, а мы згодныя купляць, то прыйдзецца плаціць”.
XS
SM
MD
LG