Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць беларускія ўлады на скасаваньне Расеяй нафтавых ільготаў?


Радыё Свабода Якія наступствы для Беларусі будзе мець увядзеньне мытаў на пастаўкі расейскай нафты? Ці гэта адчувальна для беларускай эканомікі й грамадзянаў краіны?

У беларускім Міністэрстве эканомікі, а таксама ў Навукова-дасьледчым эканамічным інстытуце адмовіліся камэнтаваць пастанову расейскага ўраду. Начальнік управы цэнаўтварэньня “Белнафтахіму” Людміла Радкевіч спаслалася на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў сказаў:

(Папоў: ) “Пакуль што я гэтую сытуацыю камэнтаваць ня буду, бо менавіта ўрад і займаецца гэтай тэмай. Няма дастатковай, вычарпальнай інфармацыі на гэты конт, каб нешта камэнтаваць. Трэба больш дакладна разабрацца ў сытуацыі”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у грашова-крэдытнай палітыцы й банкаўскай дзейнасьці Раман Унучка заявіў:

(Унучка: ) “Ну, непрыемна для нас. Так суседзі, браты ня робяць. Гэта прадмет перамоваў, разьлікаў, а не такім ламавым мэтадам: захацеў і зрабіў. Гэта парушэньне тых дамоўленасьцяў, якія падпісаныя. Гэта дрэнна”.

Як гэта можа адбіцца на прамысловасьці й простых людзях? Пытаньне да спадара Ўнучкі.

(Унучка: ) “Думаю, што ў кожнай атруты ёсьць супрацьядзьдзе. Знойдзем мы спосабы, каб мінімізаваць гэтыя непрыемнасьці. Якія будуць канкрэтныя меры, сказаць цяжка... Я думаю, кошты на бэнзін не павялічацца. Тут яшчэ залежыць ад таго, колькі нам будзе пастаўлена нафты… Тут яшчэ многа чаго ня ясна. Таму ня будзем драматызаваць, ня будзем баяцца. Ды нам няма чаго баяцца”.

Ці закране гэта сельскую гаспадарку? Вядома, што расейскія камэрцыйныя структуры абавязаныя былі раней за заніжаныя кошты альбо бясплатна даваць нафтапрадукты калгасам. Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у аграрных пытаньнях Міхаіл Русы заявіў:

(Русы: ) “Па саміх мытах нідзе ніякага дакумэнту, нічога няма. Гэта пакуль усё выдумка. Сьпяшацца тут ня трэба, усё будзе нармальна”.

Паводле спадара Русага, цэны на паліва павышаюцца толькі ў межах плянаванай інфляцыі.

(Русы: ) “Гэта разьлічана было ў бюджэце на наступны год — мы бачым, наколькі будзе інфляцыя, настолькі закладаецца й падвышэньне. А жыцьцё будзе ісьці. Будзем бачыць, а пакуль так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG