Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча выйсьці з саюзнае дзяржавы?


Радыё Свабода Расейскі ўрад абвясьціў пра скасаваньні льготнага падаткаабкладаньня экспарту нафты ў Беларусь. Ад 1 студзеня 2007 году экспарт расейскай нафты ў Беларусь будзе абкладзены гэткім жа мытам, як і для іншых краінаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз. Экспэрты называюць рашэньне кіраўніцтва Расеі першым крокам да выхаду з так званай саюзнай дзяржавы.

Эканамісты падлічылі: фінансавыя страты Беларусі ад рашэньня расейскага ўраду — да 2 мільярдаў даляраў. Затое Расея дадаткова атрымае ў бюджэт 3,6 мільярда даляраў. Згодна з дакумэнтам, які падпісаў прэм’ер-міністар Міхаіл Фрадкоў, ад студзеня 2007 году пастаўшчыкі нафты з Расеі ў Беларусь будуць плаціць стандартнае мыта — 180 даляраў за тону. Дагэтуль яе не плацілі ўвогуле.

У часе наўпростай тэлевізійнай лініі 24 лістапада прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін запатрабаваў ад Беларусі прыняць расейскія ўмовы, у выпадку адмовы кіраўнік Расеі паабяцаў абмежаваць пастаўкі нафты. Эканаміст, кіраўнік Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін кажа, што рашэньне Расеі сьведчыць пра адно: беларускі бок умовы Расеі прыняць адмовіўся.

(Карагін: ) “Гэта вельмі сур’ёзны фактар. Беларусі давядзецца рабіць адпаведныя папраўкі да бюджэту ў выніку такіх захадаў. Канечне, гэта ўсё вельмі сур’ёзна, і, відавочна, перамовы, якія вяліся цягам году, проста не ўдаліся для беларускіх уладаў. І гэта можа адбіцца вельмі сур’ёзна на разьвіцьці нашай эканомікі, на цэнавых фактарах. Таму ўраду трэба будзе спрабаваць працягнуць перамовы з Расеяй, шукаць варыянтаў зьмягчэньня ўдару, які нясе гэтае рашэньне. Я ўвогуле скажу: нават мы наш урад просім не прымаць рэзкіх рашэньняў, а заўсёды пакідаць нейкі адаптацыйны пэрыяд — год-два. На жаль, цяпер Расея такога калідору не дала”.

У адпаведнасьці зь беларуска-расейскім пагадненьнем, падпісаным яшчэ ў траўні 1995 году, мыты на экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі павінны былі разьмяркоўвацца паміж бюджэтамі дзьвюх краінаў. Аднак на практыцы аказалася, што ўсе грошы ад продажу Беларусьсю нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай сыравіны, асядалі ў мясцовым бюджэце.

Месяц таму працоўная група Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й працы Расеі вылучыла прапановы на лякалізацыю непаразуменьняў — паводле расейскага боку, Расея мусіць мець 85% атрыманых мытаў, Беларусі заставалася б 15%. Кіраўнік расейскага Інстытуту эканамічных стратэгіяў Аляксандар Агееў лёгіку расейскага боку тлумачыць так:

(Агееў: ) “Якія рэзоны расейскага боку? Яны абсалютна зразумелыя: у адносінах з усімі рэспублікамі былога Саюзу Расея практычна адмаўляецца ад ільготаў. Што гэта правакуе й стымулюе — зразумела. І газавыя, і нафтавыя рэзэрвы не бязьмежныя. Толькі рынак можа фармаваць справядлівую ацэнку й нармалёвую стратэгію нафта- і газаздабычы. Да таго ж, як выбудаваць сыстэму льготаў? Паводле якога крытэру Грузія мусіць мець ільготы, а Ўкраіна ці Беларусь — не? Такія могуць быць падставы ў выглядзе той жа саюзнай дзяржавы ці ў выглядзе адзінай прасторы гандлёвай, мытнай. Але ў любым гандлі наступае момант, што называецца, эксплікацыі. То бок, трэба зрабіць тое, што маецца на ўвазе, яўным. Гэта нармалёвая, здаровая лёгіка. Але да гэтага можна паставіцца эмацыйна, а можна падысьці разумна. Мне здаецца, абодва бакі паставіліся да гэтага эмацыйна”.

Аднак шэраг беларускіх экспэртаў лічаць рашэньне расейскага ўраду аб скасаваньні льготнага падаткаабкладаньня нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, шантажом. Эканаміст Махаіл Шавельзон перакананы: такое рашэньне — першы крок на выхад Расеі з саюзных дамоўленасьцяў.

(Шавельзон: ) “Я лічу, што гэта шантаж з боку Расеі. Калі вы хочаце штосьці падвышаць, то давайце гэта рабіць паступова, каб наша эканоміка адаптавалася. А зрабіць тут каляпс — дык вашы ж тавары ідуць праз нашу краіну, каму гэта патрэбна? Я б не казаў, што да “вайны” справа дайшла, але гэта не сяброўскі акт. Калі Расея са сваім найбліжэйшым саюзьнікам абыходзіцца, як зь дзяржавамі Літвы, Латвіі, Эстоніі, якія ў Эўразьвязе, гэта сьведчыць на тое, што яны робяць першы крок на выхад з пагадненьня. Ня можа быць, каб адной рукой мы браталіся й абдымаліся, а другая рука падпісвала вось такія рэчы. І фактычна гэта першы крок да зьнішчэньня саюзнай дзяржавы”.

На тле рашэньня расейскага ўраду аб адмене льготнага падаткаабкладаньня экспарту нафты ў Беларусь безвынікова завяршыўся чарговы раўнд перамоваў у пытаньнях паставак расейскага прыроднага газу. Апроч таго, дзяржаўнае прадпрыемства “Укрінтэрэнэрга” заявіла, што можа спыніць пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь ад студзеня 2007 году — афіцыйны Менск не згаджаецца з новымі тарыфамі.
XS
SM
MD
LG