Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьдзенскі тэлеграф увёў цэнзуру на заклікі да вольнай Беларусі


Радыё Свабода У лідэра Менскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віктара Крываля з Узды з палітычных меркаваньняў адмовіліся прымаць тэлеграму спачуваньня сям’і памерлага паплечніка. Тэлеграфісты патлумачылі адмову службовымі парадкамі.

Тэлеграма спачуваньня прызначалася сям’і памерлага 10 сьнежня ў Маладэчне актывіста сацыял-дэмакратычнага руху Мікалая Алейнікава. Віктар Крываль прыйшоў на ўзьдзенскі тэлеграф 11 сьнежня.

(Крываль: ) “І атрымалася так, што ў нас на тэлеграфе цэнзуруюць тэксты. Тэкст быў такі — ён невялікі, таму што тэлеграма: “Дарагія сябры! Шчыра смуткуем з нагоды сьмерці нашага паплечніка й аднадумца, выдатнага змагара за Беларусь, вашага мужа й бацькі Алейнікава Мікалая Сідаравіча. Упэўнены, што справа, за якую змагаўся Мікалай Сідаравіч, пераможа, і Беларусь стане вольнай. Старшыня БСДП (Г) Крываль”.

Па-першае, запатрабавалі пячатку, што ёсьць такая арганізацыя. Я сказаў, што арганізацыя працуе безь пячаткі, але вось вам копія пасьведчаньня, што ў Мінюсьце арганізацыя зарэгістраваная. Яны патэлефанавалі некуды “ўверх” і сказалі, што не — такое немагчыма. Добра, кажу, тады я здымаю словы “старшыня Менскага абкаму”, а пакіну проста Крываль. Паглядзелі: ага, “справа, за якую змагаўся Мікалай Сідаравіч, пераможа, і Беларусь стане вольнай”. “Дык, па-вашаму, Беларусь ня вольная? Не, мы такога тэксту ня можам перадаць. Таксама выкрасьліце”.

Віктар Крываль ня стаў пасылаць цэнзураваную тэлеграму. Супрацоўніца ўзьдзенскага тэлеграфу, якая адмовілася назваць сваё прозьвішча, патлумачыла:

(Супрацоўніца: ) “Ён ня мог адаслаць таму, што ўказаў начальніцкую пасаду. На гэта трэба пячатка. Мы яму прапанавалі: напішыце проста — Крываль. А ён указваў пасады. Ён жа ня проста там спачуваньне дасылаў. Ён там шмат палітычнага пісаў. У нас ёсьць тэлеграфныя правілы”.

Віктар Крываль стаў лідэрам абласной арганізацыі нядаўна. Сёньня на яго ўзьдзенскі адрас зь Менску даслалі віншавальную тэлеграму, у якой былі скарыстаныя словы пра “змагара” й “вольную Беларусь”. Супрацоўніца менскага тэлеграфу прыняла яе і без заўваг даслала ў райцэнтар на Меншчыне.

У дзяржаўным прадпрыемстве “Белтэлекам”, якому падпарадкоўваецца тэлеграфная сувязь, узьдзенскую сытуацыю пракамэнтавалі гэтак:

(Прэнц: ) “Калі пад тэлеграмай стаць подпіс дырэктара, начальніка альбо, як у дадзеным выпадку, кіраўніка абласной арганізацыі партыі, то гэта лічыцца як тэлеграма ад юрыдычнай асобы. Таму яна павінна падавацца завераным дакумэнтам — зь пячаткай арганізацыі. Наконт палітычных перакананьняў… Ня ведаю я такога. Вельмі сумняваюся, што такое прапісана”, — паведаміла афіцыйная прадстаўніца “Белтэлекаму” Сьвятлана Прэнц.
XS
SM
MD
LG