Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нешта я ня бачыў, каб апазыцыя хадзіла ад дзьвярэй да дзьвярэй”


Валянцін Жданко, Менск У Беларусі некалькі месяцаў працягваецца выбарчая кампанія — у студзені 2007 году павінны адбыцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Але многія нашы слухачы прыкметаў гэтай кампаніі дагэтуль не заўважылі — пра што й паведамляюць у лістах на “Свабоду”.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэту тэму, які даслаў нам Віктар Дайнэка зь Менску. Ён піша:

“Апазыцыя абяцала, што, зьбіраючы подпісы за вылучэньне сваіх кандыдатаў, будзе хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Але нешта я ня бачыў, каб яны гэта рабілі, хоць чакаў, што пастукаюць і ў мае дзьверы. Калі б ня слухаў “Свабоду”, дык і ня ведаў бы, што апазыцыянэры нешта робяць і што яны ўвогуле стараюцца працаваць зь людзьмі. Цішыня ў нас і поўны застой. Гэтак жа, як было за часамі Брэжнева. Ніхто не высоўваецца, усе церпяць ды шэпчуцца па кутках. На кухнях абураюцца й скардзяцца адзін аднаму, а на працы паслухмяна выконваюць усе распараджэньні ідэалягічных начальнікаў. Запатрабуюць ад іх — дык і на датэрміновае галасаваньне пойдуць, і партрэты Лукашэнкі на дэманстрацыі панясуць. Справа гэтая для многіх звыклая.

Але на кожнага Брэжнева рана ці позна знойдзецца свой Гарбачоў, а на кожнага Гарбачова — Ельцын. Толькі вось колькі нам яшчэ чакаць? Увогуле, у многіх склалася ўражаньне, што апазыцыя толькі тое і робіць, што езьдзіць за мяжу, скардзіцца на дыктатуру й атрымлівае там грошы, якія тут марнуе на розныя непатрэбныя рэчы. І цяжка пераканаць людзей, што гэта ня так. Бо дзе тыя апазыцыянэры? Чаму іх не відаць? Чаму яны не выступаюць і не вядуць людзей за сабой?”

Сапраўды, спадар Дайнэка, агітацыйную кампанію, якую вялі й вядуць падчас гэтых выбараў апазыцыйныя сілы, цяжка назваць шырокай і масавай. Кіраўнікі апазыцыі й самі гэта прызнаюць, спасылаючыся на шмат прычынаў і абставінаў. Гавораць і пра перасьлед сваіх актывістаў, і пра незацікаўленасьць насельніцтва ў выніках выбараў, і пра палітычную сыстэму, у якой мясцовыя саветы ня маюць колькі-небудзь значнага ўплыву.

Чаму апазыцыйныя лідэры ня клічуць сёньня людзей на вуліцу? Напэўна, сумняюцца ў тым, што людзі на гэтыя заклікі адгукнуцца. І для такога сумневу ёсьць важкія падставы.

Гарбачоўская перабудова ў былым СССР стала магчымай ня толькі таму, што яе захацеў адзін генсек-рэфарматар. Зьменаў захацела ўсё грамадзтва — і ў такіх умовах старая закасьцянелая сыстэма была асуджаная. Не было б Гарбачова — знайшоўся б нехта іншы. Верагодна, зьмены павінны насьпець і ў Беларусі — іх павінна захацець большасьць насельніцтва. Тады зьявіцца і тут свой Гарбачоў. Калі гэта адбудзецца? Баюся, спадар Дайнэка, што на гэтае пытаньне дакладна вам ніхто адказаць ня здольны. Надта ад многіх унутраных і вонкавых фактараў гэта залежыць.

Наш слухач Вячаслаў Раманчук з Гарадка Віцебскай вобласьці разважае пра тое, зь якіх сродкаў масавай інфармацыі беларусы могуць даведацца праўдзівыя зьвесткі пра падзеі ва ўласнай краіне. Ён піша:

“Беларусы ўспрымаюць рэчаіснасьць так, як ім паказваюць па тэлебачаньні, а не як ёсьць у сапраўднасьці. Напрыклад, кожны беларус ведае, як у сталіцы будуецца гіганцкая “Менск-Арэна”; якая вялікая ў нас Нацыянальная бібліятэка й якія посьпехі ў хакеі. Пра гэта дзяржаўныя мэдыі паведамляюць кожны дзень. Але мала хто ведае, што ў турме пад Віцебскам больш як месяц галадае Аляксандар Казулін, што кінулі за краты лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча; што выбарчыя камісіі не рэгіструюць ініцыятыўных групаў дэмакратычных актывістаў. Інфармацыю пра гэта вы ня знойдзеце ні на старонках “Советской Белоруссии”, ні ў эфіры “Панарамы”. А беларусы атрымліваюць інфармацыю менавіта з гэтых мэдыяў.

Беларуская апазыцыя ніколі ня прыйдзе да ўлады, калі ўлада і надалей будзе абражаць яе перад народам у СМІ. Незалежным мэдыям неабходна аб’ядноўваць свае сілы. Канечне, калі б апазыцыя мела свой тэлеканал, ёй было б намнога прасьцей, бо большую частку інфармацыі беларусы атрымліваюць менавіта з тэлебачаньня”.

На ўласны масавы тэлеканал, які быў бы даступны ўсяму беларускаму насельніцтву, апазыцыі разьлічваць ня надта выпадае, спадар Раманчук. На беларускай тэрыторыі такое тэлебачаньне ў сёньняшніх умовах існаваць ня можа. Адзіная магчымасьць — спадарожнікавы тэлеканал, які б вяшчаў з-за мяжы. І размовы пра такі праект даўно вядуцца. Іншая рэч — ці будзе ён такім жа даступным, як звычайнае эфірнае ды кабэльнае тэлебачаньне? Спадарожнікавых антэн на дамах беларусаў ня надта шмат.

Але галоўная праблема нават ня ў гэтым. Пры вялікім жаданьні можна й спадарожнікавую талерку набыць, і кароткахвалевы прыймач знайсьці, і да інтэрнэту падключыцца, і нават апазыцыйную газэту адшукаць. Пытаньне ў тым, ці ёсьць у большасьці беларускага насельніцтва зацікаўленасьць у атрыманьні альтэрнатыўнай інфармацыі пра падзеі ў сваёй краіне.

Наш слухач Дзьмітры Ахрымук з Кобрына даслаў замалёўку цяперашняга калгаснага жыцьця. У сваім лісьце ён маляўніча апісаў эпізод, сьведкам якога сам быў некалькі тыдняў таму. Слухач піша:

“У паветры — густы туман. На ўскрайку калгаснага поля каля вёскі Быстрыца завіхаюцца постаці. Што яны робяць тут у гэты позьні восеньскі час? Аказалася, днямі тут перааралі бульбяное поле — і людзі зьбіраюць бульбу, што засталася пасьля ня надта дбайнай уборкі. Глеба недагледжаная — зарослая пустазельлем і травой, поле няроўнае.

Чалавек сталых гадоў з паркалёвай торбачкай памятае іншы час, калі ў гэтага поля быў гаспадар. Ён кажа: “Калісьці прыватнік так на зямлі не працаваў. У яго зямля была мяккая, чыстая ад пустазельля. А цяпер вось што зрабілі зь зямлёй. Прывезьці б сюды нашага прэзыдэнта — няхай бы паглядзеў, якія гаспадары калгасныя... А як было з саломай? У калгасе яе багата. Людзі прасілі выпісаць на подсьціл сваёй жывёле. Не далі, адмовілі. А тая салома так і засталася на полі, і ўжо згніла”.

…Дзень хіліўся да вечара. Людзі з торбачкамі паціху сыходзілі з калгаснага поля. І нейкі непрыемны асадак ад размовы застаўся на душы”.

Я, спадар Ахрымук, памятаю час, калі жорстка каралі штрафамі й за зьяўленьне з торбай на пераараным бульбяным полі. Бульба тая, як вядома, усё роўна засталася б у зямлі, але чапаць яе ня мелі права: калгасная ўласнасьць. Яшчэ раней, пасьля вайны, людзей нават кідалі ў турму за сабраныя на полі пасьля жніва каласкі. Цяпер жа, як відаць на вашым прыкладзе, кінутую калгасную бульбу можна зьбіраць беспакарана. Ужо нейкая палёгка. Думаю, неўзабаве лібэралізацыя дойдзе й да гнілой калгаснай саломы. Рабочых рук у вёсцы ўсё меней, і начальства проста вымушанае прыслухоўвацца да людзкіх просьбаў.

Аўтар наступнага ліста — Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну:

“Злавіць хвалю “Свабоды” складана, чуваць на сярэдніх хвалях кепска, але я цярплівы. Ня слухаць жа гэтыя байкі дзеда Талаша на БТ. Жыць цяпер складана. Не магу даўмецца, як такое можа быць, што з маёй маці (пэнсіянэркі, удавы) сельсавет пад пагрозай суду спрабуе спагнаць нейкія падаткі незразумелага паходжаньня. Самавольства нейкае. Ужо ня ведаюць, як абадраць беднага пэнсіянэра. Можа, гэта нейкі новы ўказ ці закон? Просты народ у нас юрыдычна непісьменны, цёмны. Дый да каго зьвярнуцца па дапамогу, калі ўсе павязаныя ніцямі гэтай хамскай сыстэмы.

Вось нядаўна ў маёй жонкі самавольна, без абгрунтаваных прычынаў зьнялі працоўныя дні й запісалі іншаму чалавеку — напэўна, дзеля стаханаўскага паказчыка. І нідзе не даб’есься ніякай справядлівасьці. Вось, напрыклад, апошні ліст з Амэрыкі я атрымаў у распакаваным выглядзе. Гэта што, нармальна?

Што казаць, калі ў дзяржаўнай краме хлеба — два гатункі, а віна й гарэлкі — дваццаць. А гарэлка тая, напэўна, на дыхляфосе настоеная: ад яе людзі мруць, як мухі. Хамская палітыка чаркі ды шкваркі. Хацелася б ведаць, ці дзейнічаюць у Беларусі незалежныя прафсаюзы, ці ёсьць Хэльсынскі камітэт, які абараняе правы чалавека. Бо так жыць больш нельга”.

Незалежныя прафсаюзы, як і Хэльсынскі камітэт, у Беларусі пакуль дзейнічаюць, спадар Кляноўскі, але ўвесь час сутыкаюцца зь вялікімі праблемамі й існуюць на мяжы закрыцьця. У нашых праграмах часта гучаць паведамленьні на гэтую тэму.

Што да іншых вашых пытаньняў, то яны збольшага рытарычныя: адказы на іх відавочныя. У сытуацыі з падаткамі, якімі абклалі маці, вам, верагодна, варта самому схадзіць у сельсавет. Размова, напэўна, ідзе пра падатак на зямлю — яго павінны плаціць усе, у тым ліку й пэнсіянэры. Хоць у некаторых абставінах улады могуць зрабіць выключэньне і пайсьці на саступкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG