Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Даніла Васілеўскі (17.12.1889 — 28.12.1963)


Уладзімер Арлоў, Менск Працуючы калісьці над сваёй кнігаю “Таямніцы полацкай гісторыі”, я прыйшоў да высновы, што жыхары беларускага Прыдзьвіньня маюць у сваім характары рысы, якія вылучаюць іх сярод іншых беларусаў. Напрыклад, большую схільнасьць да гумару, іроніі й самаіроніі, якія дзіўным чынам спалучаюцца ў іх з балцкай стрыманасьцю (каб пераканацца ў гэтым, перачытайце палачанаў Вінцэся Мудрова й Пятра Васючэнку). Палачанаў вылучае й пракаветная глыбокая вера ў дзівосы, што выдатна засьведчыў сваім “Шляхцічам Завальнем” Ян Баршчэўскі. (А пазьней, дарэчы, і расейскі пісьменьнік Аляксандар Грын –– насамрэч Грынеўскі — сын удзельніка паўстаньня 1863 году дзісенскага шляхціча Стэфана Грынеўскага.)

Такія назіраньні далі мне падставу ўвесьці паняцьце “полацкі мэнталітэт”, што вельмі спадабалася Рыгору Барадуліну, які адгукнуўся аднайменным вершам:

Ёсьць полацкі мэнталітэт — Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, Ад той абрынутай адрыны, Дзе сон шукаў Свой сонны сьлед...

Носьбітам гэтага мэнталітэту быў і выпускнік Полацкай настаўніцкай сэмінарыі, краязнаўца, гісторык і пэдагог Даніла Васілеўскі. У сэмінарскія гады сябра напалову легальнага гуртка “Вястун ведаў” (што знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва) і натхнёны зьбіральнік прыдзьвінскага фальклёру, пазьней ён стаў аўтарам краязнаўчых допісаў ў “Нашу Ніву”, а за савецкім часам зрабіў краязнаўства сваёй прафэсіяй.

Адна зь ягоных найцікавейшых працаў — дасьледаваньне “Лячэбніка” Ганны Шаранды (помніка “чарадзейнай літаратуры” канца ХVІІ — пачатку ХVІІІ ст.), які быў настольнай кнігаю полацкіх знахараў і знахарак. У 1930-я лёс людзей з такімі зацікаўленьнямі, як у Васілеўскага, звычайна складваўся трагічна. Ягоныя публікацыі пад назвамі кшталту “Краязнаўства ў школах як сродак камуністычнага выхаваньня”, былі прызнаныя толькі камуфляжам шкодніцкай дзейнасьці, і ў 1936-м дэкан геаграфічнага факультэту Магілеўскага пэдінстытуту Даніла Васілеўскі стаў вязьнем ГУЛАГу, “перакваліфікаваўшыся” ў варкуцінскага буравіка.

Сьледчыя ГПУ ня здолелі выбіць з Васілеўскага іроніі. Захаваліся зьвесткі, што ён, у прыватнасьці, прызнаўся ў намеры далучыць Беларусь да Індыі. Зрэшты, магчыма, якраз гэтае “чыстасардэчнае” прызнаньне і ўратавала яму жыцьцё.
XS
SM
MD
LG