Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віка Трэнас: “Я веру ўва ўсё патроху”


Радыё Свабода Кожны чалавек мусіць у нешта верыць. Таму, пэўна, калі б я сказала, што ня маю ніякіх аб’ектаў веры, ніхто не пагадзіўся б са мной. Бо вера ёсьць зьявай архетыповай —глыбіннай, старажытнай, зьявай, якая закладзеная ў нашу падсьвядомасьць па-за нашай воляй. Вера робіць чалавека чалавекам.

Безумоўна, я маю ўнутры сябе веру. Аднак, як і многім прадстаўнікам сучаснай моладзі, мне цяжка верыць у нешта адно. Я веру ўва ўсё патроху.

Бывае так, што вера чалавечая зьмяняецца ў залежнасьці ад настрою. Напрыклад, верыць у вечнае каханьне лепей за ўсё ўвесну, калі назіраецца бурлівы росквіт прыроды; верыць у непазьбежнасьць сьмерці — у час бязьлітасных зімовых завірух, калі за вокнамі трапеча і вые вецер, і г. д. Вера ня можа быць статычнай, хутчэй яна мае сытуатыўны характар. Чалавек сталее, і вера сталее разам зь ім.

Мне здаецца, добра, калі чалавек іранічна ставіцца да сваёй веры, бо тады яму прасьцей пазбавіцца ілюзій, прымхаў ды іншых чалавечых прыдумак, што спадарожнічаюць нашаму існаваньню. Нават такая даўняя форма вераваньняў, як рэлігія, можа паўплываць на жыцьцё чалавека ня толькі станоўча. Верыць лепей за ўсё рацыянальна, з аглядкай на здаровы сэнс, іначай жыцьцё можа ператварыцца ў змаганьне зь ветракамі, у барацьбу за мітычныя ідэалы і нерэальныя, недасяжныя мэты. Ня кожны хоча быць Дон Кіхотам, а некаторым гэтая роля зусім не да твару... Зрэшты, свабода выбару — адзіная свабода, якую немагчыма (ці амаль немагчыма) адабраць.

Жыцьцё адбываецца, зьдзяйсьняецца, урэчаісьніваецца па-за нашай верай, незалежна ад таго, верым мы ў яго ці не. Дарэчы, людзям, якія вераць у саміх сябе, у свае сілы, ёсьць няважнай сапраўднасьць Быцьця. У іх няма часу на такога кшталту высьвятленьні. Яны жывуць, яны дзейнічаюць, і іх вера становіцца дзейнаснай і дзейснай. Аб’екты сваёй веры я лічу цалкам рэальнымі, цалкам мажлівымі і абсалютна зразумелымі.

Я веру ў прыгажосьць і дасканаласьць сьвету, у тое, што ўсё ў ім уладкавана невыпадкова, усё ў ім гарманічна і заканамерна. І толькі сам чалавек ёсьць істотай выпадковай.

Я веру ў мастацтва. Аднак толькі ў тое мастацтва, што можа зрабіць чалавека больш высакародным, больш чуйным у адносінах да сябе і да іншых. І самае галоўнае – адухоўленым, самасным. Тым чалавекам, які здольны ацаніць паўнату рэчаіснасьці, яе разнастайнасьць. Нават болей дае мастацтва: новы лад мысьленьня, новае сьветабачаньне, новае быцьцё.

Я веру ў будучыню, пакуль існуе мастацтва, здатнае ачалавечваць.

Я веру ў тое, што безь мінулага ня можа быць будучыні, і што цені мінулага заўсёды побач з чалавекам. Памяць захоўвае любыя дробязі, нават калі ейны ўладальнік хоча на іх забыцца. Часам я адчуваю мінулае матэрыяльна, яно як частка маёй асобы, і мне падабаецца, што я маю магчымасьць быць заўсёды новай, заўсёды рознай, дзякуючы гэтаму.

У кожным з нас жыве памяць продкаў. Мы павінны ў гэта верыць.

Віка Трэнас — студэнтка Белдзяржунівэрсітэту, будучы філёлаг-беларусіст, паэтка і літаратурны крытык, аўтарка кнігі “Цуд канфіскаванага дзяцінства”. Любіць чытаць французкіх паэтаў-сюррэалістаў пачатку дваццатага стагодзьдзя, зьбірае калекцыю адмысловых нататнікаў, у якіх запісвае свае паэтычныя і празаічныя імпрэсіі.
XS
SM
MD
LG