Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча завабіць да сябе латыскіх турыстаў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Рызе адкрываецца выстава “Беларусь ЭКСПО-2006”. Мэта мерапрыемства – прапаганда турызму і адпачынку ў Беларусі. Як вырашылі напярэдадні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, ад новага году адной з умоваў існаваньня турыстычнай кампаніі на беларускім рынку ўвогуле будзе наяўнасьць уласнага сэрвіс-пакету. Аднак ці гатовая інфраструктура краіны да прыёму як блізкіх суседзяў, так і гасьцей з далёкага замежжа?

Латвія ўтрымлівае першае месца ў Эўропе паводле прыросту замежных турыстаў: летась гэты паказьнік склаў 25% да папярэдняга году. Аднак этнічны склад турыстаў – эстонцы і літоўцы. Суседзі-беларусы маюць у агульнай статыстыцы толькі 1%. Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва турызму Латвіі Улдзіс Вітальньш кажа, што беларускі бок квола рэагуе на спробы наладзіць кантактаваньні ў галіне турызму:

(Віталіньш: ) “Мы робім такія прэзэнтацыі шмат у якіх месцах. У Расеі, ва Ўкраіне. Але ў любым выпадку інтарэс з боку турыстычных фірмаў па сваёй колькасьці там нашмат большы, чым у Беларусі. Мне цяжка сказаць, чаму так. Магчыма таму, што ў Беларусі гэта абавязкова ліцэнзійная дзейнасьць, што, у сваю чаргу, не дазваляе ўсім, хто хацеў бы займацца турыстычным бізнэсам, гэта рабіць. Мажліва, з-за гэтага канкурэнцыя не такая вялікая і гэта пэўным чынам нэгатыўна ўплывае на міждзяржаўную актыўнасьць”.

У Рызе Міністэрства спорту і турызму Беларусі прапануе пакет досыць абмежаваны і ўжо звыклы – Мірскі і Нясьвіскі замкі, а таксама паваенныя мэмарыялы: Курган Славы, Хатынь, Брэсцкая крэпасьць. Сярод навінак – агратурызам, але досыць сьціплая інфраструктура не дае падставаў для вялікага аптымізму. Адпачынкам на Нарачы жыхароў Балтыкі дакладна ня зьдзівіш.

Прадстаўнікі беларускіх турфірмаў кажуць, што завабіць іншаземцаў у Беларусь сапраўды вельмі цяжка. Тым часам, досыць камфортна ў Беларусі расейскім прадстаўніцтвам буйных туркампаній. Мясцовыя турапэратары скардзяцца: расейцы “нахабна ангажуюць беларускіх кліентаў” для паездак і адпачынку за мяжу.

(Супрацоўніца фірмы: ) “Гэта ня тое, што масквічы выціскаюць беларусаў. Але некаторыя чартэры, прыкладам, на Турэчччыну, цалкам падкантрольныя беларускаму прадстаўніцтву маскоўскай кампаніі “ТЭЗ-тур”. Зь Менску чартэры – калі ласка, “ТЭЗ-тураўскі”, ад “АБС”. Быў час, калі маскоўскі “Пегасьцік” ледзьве не манапалізаваў беларускі рынак. Потым, праўда, нешта яны пасварыліся з кіраўніцтвам справамі і іх адсюль выкінулі. Але “ТЭЗ-тур” зараз на іх месцы сябе вельмі нядрэнна адчувае”.

Ці дазволіць выстава ў Рызе абудзіць стасункі Латвіі і Беларусі ў галіне турызму? Пра першыя дамоўленасьці будзе вядома ўжо ў пятніцу. Беларуская выстава затрымаецца ў Латвіі на тры бліжэйшыя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG