Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня кандыдаты пачнуць агітацыйную кампанію


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў некаторых рэгіёнах Беларусі вылучэнцы дэмакратычных сілаў атрымаюць пасьведчаньні аб рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Такім чынам, адпаведна выбарчаму кодэксу, яны ўжо сёньня афіцыйна пачнуць сваю агітацыйную кампанію.

У Бярозаўскім раёне на Берасьцейшчыне найбольшую колькасьць вылучэнцаў ад дэмсілаў мае Партыя БНФ. “На сёньня ўсе 8 прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ў райсавет афіцыйна зарэгістраваныя”, -- паведаміў Радыё Свабода старшыня абласной філіі БНФ Юрась Губарэвіч. Пазыцыі сябраў партыі ў іншых раёнах вобласьці ён акрэсьлівае наступным чынам:

(Губарэвіч: ) "Пакуль сьведчаньняў, што былі адмовы ў рэгістрацыі, не паступала. Гэта можа быць зьвязана з тым, што большасьць пасяджэньняў камісіяў будзе адбывацца як раз у апошнія дні".

У Бярозаўскім раёне знаходзіцца і Белаазёрскі гарадзкі савет -- адзіны, дзе ў мінулыя мясцовыя выбары дэмакраты здолелі заняць амаль палову дэпутацкіх месцаў. Са словаў спадара Губарэвіча, Белаазёрск вызначаецца і на гэтых выбарах:

(Губарэвіч: ) "Гэта адзіны савет на ўзроўні першасных у Берасьцейскай вобласьці, дзе будзе сапраўдная канкурэнцыя. Тут на 17 дэпутацкіх мандатаў -- 33 кандыдаты, у той час як у іншых саветах такога ўзроўню конкурсу няма.

Раней Радыё Свабода паведамляла, што партыя БНФ, АГП, Партыя камуністаў беларуская і БСДП (Грамада) вылучылі ў мясцовыя саветы амаль 600 сваіх прадстаўнікоў. Колькі зь іх пройдуць праз сіта рэгістрацыі стане дакладна вядома толькі ў апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў. Чаму выбарчыя камісіі адкладаюць рэгістрацыю кандыдатаў на апошнія дні? Тлумачыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік: (Лазавік: ) "А Бог яго ведае. Калі казаць сур’ёзна, дык аб''ём працы па праверцы дакумэнтаў даволі вялікі -- правяраецца ня толькі адпаведнасьць прадстаўленых дакумэнтаў але і адпаведнасьць працэдуры вылучэньня патрабаваньням заканадаўства".

Тым часам у Палітычнай радзе дэмакратычных сілаў паведамілі, што больш як 20 вылучэнцаў у кандыдаты мусілі праз суды аспрэчваць прэтэнзіі выбарчых камісіяў. І яшчэ адзін факт: у склад ўчастковых выбарчых камісіяў ўвайшлі больш як 70 тысяч чалавек. І толькі адзін зь іх –прадстаўнік дэмакратычных сілаў.
XS
SM
MD
LG