Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывізуецца падрыхтоўка да другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца першы сход актывістаў дэмсілаў у справе падрыхтоўкі другога Кангрэсу дэмакратычных сіл. У ім прымуць удзел прадстаўнікі рэгіёнаў.

Інстытут грамадзкіх назіральнікаў закліканы кантраляваць працэс падрыхтоўкі Кангрэсу на яго адпаведнасьць дэмакратычным нормам. Ужо ўтвораная цэнтральная назіральная камісія, кіраўніком якой абраны юрыст Уладзімер Лабковіч. Ад яго й зыходзіла ініцыятыва сёньняшняга сходу:

(Лабковіч: ) “Ва ўсіх абласьцях і ў Менску ўтвораны назіральныя камісіі. У іх абавязкі ўваходзіць рэгістрацыя кандыдатаў, якія сабралі ня менш як 300 подпісаў: ці то як кандыдаты ў дэпутаты, ці як прадстаўнікі выбарчых камісіяў, ці пад палітычным пагадненьнем аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Сёньня будзе вырашацца пытаньне аб парадку рэгістрацыі кандыдатаў. Паводле рашэньня Палітычнай рады мы мусім гэта зрабіць да 14 студзеня. Пасьля пачнецца працэс праверкі подпісаў і падрыхтоўка заявы пра колькасьць дэлегатаў Кангрэсу. Галоўнае – распачаць працу”.

Са словаў старшыні аргкамітэту па падрыхтоўцы Кангрэсу дэмсілаў Аляксандра Бухвостава, гэты працэс апошнім часам актывізаваўся:

(Бухвостаў: ) “Мы вырашылі, што Кангрэс будзе праводзіцца ў Беларусі. Пакуль іншых намераў няма. Мы цяпер зьвяртаемся да кіраўнікоў прадпрыемстваў, дзе ёсьць вялікія залі на адну тысячу чалавек. Будзем прасіць у арэнду памяшканьне. Зьвернемся і ў Менскі гарвыканкам”.

Што тычыцца даты Кангрэсу, то, паводле спадара Бухвостава, канкрэтны дзень пакуль ня вызначаны. Але дакладна акрэсьлена, што гэта будзе другая палова лютага – першая палова сакавіка. Таксама старшыня аргкамітэту паведаміў: зьмяншаецца колькасьць актывістаў, якія не бачаць неабходнасьці скліканьня Кангрэсу дэмсілаў.

(Бухвостаў: ) “На першым часе ня ўсе разумелі задачы Кангрэсу. Але патрабуецца неабходнасьць пашырэньня дэмакратычных сілаў. Цяпер стаіць пытаньне аб’яднаньня сіл, якія стаялі за Казуліным і якія -- за Мілінкевічам. Яшчэ адна галоўная задача вызначэньне стратэгіі барацьбы цяперашнім палітычным рэжымам у Беларусі”.

Нагадаем, першы Кангрэс дэмакратычных сіл адбыўся 1-2 кастрычніка 2005 году ў Менску. На форуме быў абраны лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG