Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ЗША ўзьняў пытаньне наконт галадоўкі Казуліна на паседжаньні Рады бясьпекі ААН


Ганна Соўсь, Прага Злучаныя Штаты прапанавалі вынесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне наконт галадоўкі былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аднак Расея выступіла супраць вынясеньня гэтага пытаньня. У выніку плянаванае абмеркаваньне іранскай ядзернай праграмы на паседжаньні Рады бясьпекі ААН за зачыненымі дзьвярыма, было адкладзенае.

Амэрыканскі пасланьнік Уільям Брэнкік прапанаваў вынесьці пытаньне наконт галадоўкі беларускага палітвязьня на сэсію Рады бясьпекі ААН. Ён заявіў, што трэба сачыць за сытуацыяй з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі. Пра гэта апроч прадстаўнікоў ЗША гаварылі і іншыя дыпляматы. У адказ прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін заявіў, што гэтая праблема ня мае дачыненьня да справаў Рады бясьпекі ААН. Паводле Чуркіна, любое пытаньне можна прапанаваць для разгляду 15 сяброў Рады бясьпекі, нават пытаньне аб кукурузных шматках.

Нагадаю, што на 50-ы дзень галадоўкі Аляксандар Казулін зьвярнуўся да ўсіх дэмакратычных урадаў Эўропы і сьвету, генэральнага сакратара ААН, Эўрапейскай камісіі, а таксама да дэмакратычных сілаў Беларусі. Казулін сярод іншага прасіў, каб “хаця б адна з краін “вялікай васьмёркі” праявіла цьвёрды намер унесьці на разгляд Рады Бясьпекі ААН пытаньне аб Беларусі. “Магчыма, гэтая драбніца і вызначыць рэальную цану ўсяго аднаго чалавечага жыцьця”, – зазначыў у сваім звароце Аляксандар Казулін.

Што да паседжаньня Рады бясьпекі ААН, то “ЗША выбралі ня лепшы час для вынясеньня пытаньня”, гэтак пракамэнтаваў сытуацыю прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў Радзе бясьпекі Эмір Джоўнз Пэры.

Тым часам прадстаўнік Кітаю ў ААН Ван Гуаня паскардзіўся рэпарцёрам, што абмеркаваньне ядзерных амбіцый Ірану, пераносіцца ўжо трэці раз. “Я прасіў бы больш павагі”, сказаў прадстаўнік Кітаю, і дадаў: ”Тады наш расейскі калега далучыўся і сказаў, што ён павінен атрымаць інструкцыі ў справе сытуацыі ў Беларусі”. Як кажуць расейскія дыпляматы, Віталь Чуркін адчуваў, што перамовы наконт іранскай ядзернай праграмы ня будуць канструктыўнымі пасьля таго, як пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі было ўзьнятае на паседжаньні Рады бясьпекі. Аднак дыпляматы чакаюць, што перамовы былі перанесены ў спадзяваньні дасягнуць згоды перад Калядамі.

Як паведаміў агенцтву REUTERS амэрыканскі чыноўнік, які пажадаў захаваць ананімнасьць, галадоўка Аляксандра Казуліна выносіць на першы плян сытуацыю наконт ўціску дэмакратыі ў Беларусі. “Мы ніколі не ўхіляліся ад ўздыманьня праблемаў свабоды і правоў чалавека”, сказаў прадстаўнік ЗША.
XS
SM
MD
LG