Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штаб-кватэры БНФ прайшла прэзэнтацыя кнігі “Верым! Можам! Пераможам!”


Альгерд Невяроўскі, Менск Гэтая кніга – успаміны ўдзельнікаў акцыяў пратэсту і жыхароў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску. Гэта – аповяд пра падзеі 19–25 сакавіка 2006 году, калі тысячы беларусаў пратэставалі супраць абвешчаных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасярод вялікага пакою стаяў намёт, вакол яго стаялі жывым ланцугом хлопцы і дзяўчаты, актывісты Моладзі БНФ. Тут жа былі тэрмасы з гарбатай, з дынамікаў гучалі песьні плошчы.

Відэапраэктар паказваў кінакроніку сакавіцкіх падзеяў, якія адбываліся на Кастрычніцкай плошчы. Пасьля гучалі словы жыхароў намётавага мястэчка, якія прамаўляліся за некалькі хвілінаў да штурму спэцназу:

(Палевікова: ) “ Калі ласка, не ўжывайце сілы. Я заклікаю ўсіх на Плошчы – ня бойцеся. Мы будзем усе разам, вы малайчыны, вы абаранілі Беларусь!”

Пасьля гэтых словаў, прамоўленых Валянцінай Палевіковай ноччу 24 сакавіка, пачаўся штурм. Некалькі маладых людзей апранутых спэцназаўцамі звалілі намёт і сталі рваць жывы ланцуг ды цягнуць абаронцаў мястэчка з імправізаванай Плошчы. На гэтым уласна пэрфоманс скончыўся і пачалася вечарына. Яе арганізатар Франак Вячорка сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Вячорка: ) “ Сёньня мы прэзэнтуем кніжку зьвязаную з сакавіцкімі падзеямі. У якой асноўныя героі тыя ўдзельнікі Плошчы, што стаялі дзень і ноч і баранілі свабоду Беларусі”.

А вось, што сказала ўкладальніца кнігі “Верым! Можам! Пераможам!” Марыя Савушкіна:

(Савушкіна: ) “ Мы імкнуліся захаваць рэшткі рэчаіснасьці, якая ад нас аддаляецца. Таму мы сабралі сьведчаньні, сабралі дзёньнікі, фотаздымкі тых падзеяў, якія адбываліся гэтай вясной. Кніжка атрымалася вельмі эмацыйнай, і гэта сапраўды так”.

Абаронца намётавага мястэчка, супрацоўнік газэты “Наша ніва” Зьміцер Панкавец сказаў:

(Панкавец: ) “ Пасьля Плошчы я адсядзеў 10 сутак у Жодзінскім СІЗА. У тыя дні было сапраўды страшна. Улада вельмі ўдала скарыстоўвала нагнятаньне страху ў грамадзтве. Было страшна, што нас расстраляюць, было страшна, што нас кінуць на вялікія тэрміны ў турму. Але дзякуй Богу, што я трапіў на Плошчу, што трапіў на суткі. Бо гэта былі выключныя дні”.

Сваімі думкамі ды ўспамінамі дзяліліся многія ўдзельнікі Плошчы – студэнты, прадпрымальнікі. Амэрыканская студэнтка філфака БДУ Джэніфэр Ід сказала, што абавязкова перакладзе кнігу “Верым! Можам! Пераможам!” на ангельскую мову, каб пра змаганьне беларусаў даведаліся й амэрыканцы. Але асноўная ідэя выступаў была пра тое, што беларуская Плошча яшчэ не скончылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG