Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С. Шушкевіч: "Няхай гэта будзе не апошні посьпех у жыцьці Мілінкевіча"


Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры падчас сэсіі Эўрапарлямэнту лідэру аб’яднаных дэмсілаў Аляксандру Мілінкевічу ўручылі прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Як рэагуюць у Менску на гэтую падзею, высьвятляў наш карэспандэнт.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітзьняволены Сяргей Скрабец станоўча ставіцца да ўганараваньня спадара Мілінкевіча прэміяй імя Сахарава.

(Скрабец: ) “Эўразьвяз такім чынам падтрымлівае ўсіх, хто працягвае барацьбу за свабоду й дэмакратыю ў нашай краіне. Тое, што сказаў Мілінкевіч — што гэта прэмія ня толькі яму, а таксама і Казуліну і ўсім іншым палітвязьням у нашай краіне, — гэта вельмі добра. Бо пакуль існуюць палітвязьні, гаварыць, што ў нас захоўваюцца правы чалавека ці існуюць дэмакратычныя працэсы і ўлада пайшла на перамовы з цывілізаванай супольнасьцю — гэта хлусьня. У нас сытуацыя пагаршаецца. Таму падтрымка Эўразьвязу вельмі важная”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі заявіў, што кожная арганізацыя мае права прысуджаць узнагароды той ці іншай асобе. У выступе спадар Мілінкевіч закрануў прапановы, якія зрабіла афіцыйнаму Менску Эўракамісія. Паводле спадара Мілінкевіча, гэта “выдатная магчымасць выйсьці зь міжнароднай самаізаляцыі й незайздроснага эканамічнага стану, у якім апынуўся афіцыйны Менск”. Спадар Красуцкі на гэта сказаў:

(Красуцкі: ) “За кожнай узнагародай у любым выпадку стаіць палітыка. Гэта ясна. Нават з тымі ж нобэлеўскімі прэміямі. А што да прапановаў Эўразьвязу адносна Беларусі, то ні рэакцыі беларускага МЗС адносна гэтых ініцыятываў, ні іншых дзяржаўных дзеячаў не было. Сам характар гэтых прапановаў не зусім карэктны. Гэта ня той падыход Эўракамісіі для разьвіцьця дачыненьняў зь Беларусьсю”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў, што спадар Мілінкевіч заслугоўвае гэтай узнагароды.

(Шушкевіч: ) “Мне гэта даспадобы. Я яго лічу сапраўдным нашым лідэрам, сапраўдным лідэрам аб’яднаных дэмсілаў і жадаю яму посьпехаў. Няхай гэта будзе не апошні посьпех у яго жыцьці — я думаю, ён заслугоўвае большага”.

У сваёй прамове спадар Мілінкевіч заявіў пра небясьпеку правядзеньня “аб’яднаўчага рэфэрэндуму” й заклікаў Эўропу засьцерагчы Расею ад такога кроку. Паводле спадара Шушкевіча, гэта правільны заклік, хаця цяпер такой небясьпекі не існуе.

(Шушкевіч: ) “Больш пра гэта павінен клапаціцца Лукашэнка, бо для яго страта ўлады азначае тое, што ён павінен будзе адказваць за тое, што ён нарабіў. І я думаю, што ён цяпер будзе бараніць нашу незалежнасьць. На жаль, не такім чынам, як цяпер трэба рабіць. Так што Мілінкевіч так разьмяркоўвае акцэнты, я думаю, што гэта вельмі важнае пытаньне”.
XS
SM
MD
LG