Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 12 сьнежня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

Наведнікі сайта Аляксандра Казуліна камэнтуюць навіну пра тое, што палітык выйшаў з галадоўкі.

“Казулін – малайчына, сапраўдны мужык! Але ўсё адно незразумела, як прафэсар у 51 год адважыўся зьдзяйсьняць рэвалюцыю ў адзіночку?!”

“Вы паказалі ўсяму сьвету, што такое сіла духа, вера ў праўду й справядлівасьць. Дай бог вам здароўя й сілаў найхутчэй убачыць вынікі закладзенага вамі прагрэсу ў сьвядомасьці людзей. Вы зрушылі зь мёртвай кропкі гэты працэс, вам удалося разварушыць багну, цяпер усе ведаюць, што моцных духам не зламаць”.

Нехта iks_by піша сёньня ў ЖЖ-суполку minsk_by “У навінах а 13.30 па Euronews пачалі паказваць узнагароджаньне Мілінкевіча прэміяй Сахарава, выступаў ён на беларускай мове, аднак… вядучыя сваімі камэнтарамі заглушалі ўсё. Потым на паўслове ўсё абарвалася і пачаўся "live". Аднак доўжыўся усяго 3 хвіліны, паводле заявы вядоўчы цераз страйк тэхнічных работнікаў яны далей жывы эфір паказваць ня могуць”.

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць навіну: падаражэў бэнзын. Удзельнікі выказваюцца: “Стабільнай краіне – стабільны рост коштаў на паліва. За бэнзын!” “…ехаў дадому й на запраўцы ў Расеі запраўляўся з палякам. Той таксама бэнзын затарваў. Крыху пагутарылі – у іх 1 эўра за літар… У Расеі 98-ы – 1600 беларускіх рублёў за літар. У нас, атрымліваецца, ужо даражэй чым у Штатах ды амаль як у Эўропе. Чакаем ланцуговай рэакцыі падвышэньня тарыфаў на транспартныя паслугі й кошту тавараў!” “Беларусь у Эўропу!!! Вось як 95-ы будзе каштаваць 2500 рублёў за літар – дык значыць мы ўжо ў Эўропе!”

Блогерка _katusha_ піша ў сваім блогу: “Сяджу, абіраю з прапанаванага сьпісу 10 бізнэс-падзеяў адыходзячага году. Позірк спыніўся на пункце “пераабраньне на пост кіраўніка краіны А.Лукашэнкі”. Так так, у некаторым сэнсе бізнэс-падзея. Па аналёгіі мае сэнс дапоўніць сьпіс, скажам, сяўбой, жнівом і завяршэньнем Ейнага будаўніцтва (маецца на ўвазе будынак нацыянальнай бібліятэкі – РС.) І паспрабуйце мне запярэчыць наконт таго, што гэта не бізнэс-падзеі”.

Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра маральных аўтарытэтаў беларускай нацыі. На думку блогера, “…маральны аўтарытэт у Беларусі абавязкова зьявіцца, але толькі тады, калі грамадзтва будзе гатовае яго ўспрыняць. Гатовасьць як такая ня ўзьнікне, над гэтым трэба шмат і доўга працаваць, найперш інтэлігенцыі. Мы занадта мала ведаем ня толькі пра навакольны сьвет, але й нават пра саміх сябе. Пра ўласную гісторыю, літаратуру, культуру ўвогуле казаць не выпадае. Можа, ня варта фармаваньне й разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў зводзіць толькі да палітыкі й барацьбы за ўладу? Ёсьць рэчы стратэгічна больш сур’ёзныя, урэшце рэшт, ня маючы агульнапрызнанага маральнага аўтарытэту і ўладу атрымаць немагчыма”.

А на сайце Гарадзенскі блог адзін з удзельнікаў піша пра манкуртаў: “Уладзімір Зіноўеў, адзін са шматлікіх вязьняў Бухенвальда, цудам засталы жывым, прыгадвае у сваёй кнізе “Уцёкі зь Бухенвальду”: “…адным з пытаньняў калгаснага збору было, што рабіць з домам пана.” Выступнікі прапаноўвалі карыстацца зь яго пад дзіцячы садок, для інтэрнату для шкаляроў, але ўсе прапановы адкідваліся “прадстаўніком радзецкае ўлады”. “Садок? Вы што, з панам пілі гарэлку разам? Так вы ўдзельнічалі ў рабунках пана? Шкада панскага дабра? Спаліць!!!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG