Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць Лябедзькі вярнулі ў міліцыю (фота)


Любоў Лунёва, Менск Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Аляксей Бычко накіраваў адміністрацыйную справу супраць лідэра АГП Анатоля Лябедзькі ў міліцыю, каб там правялі службовае разьбіраньне. А. Лябедзька даказаў у судзе, што сьведкі, байцы спэцназу міліцыі, далі непраўдзівыя паказаньні.

Апазыцыянэра затрымалі 10 сьнежня на Кастрычніцкім пляцы падчас разгону акцыі, прысьвечанай Дню правоў чалавека і абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Анатоль Лябедзька сам прыйшоў у міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Адтуль яго прывезьлі ў суд, дзе апазыцыянэра чакала каля двух дзесяткаў паплечнікаў, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША.

Анатоль Лябедзька на пытаньне судзьдзі Аляксея Бычко, чаму 10 сьнежня прыйшоў на Кастрычніцую плошчу, назваў дзьве галоўныя прычыны. Першая, паводле Лябедзькі, “Аляксандар Лукашэнка прызнаўся ў тым, што сфальсыфікаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў”. Другая – Аляксандар Казулін знаходзіцца ў турме за тое, што ладзіў акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Сваё затрыманьне палітык лічыць палітычным перасьледам і спробай псыхалягічнага ўціску.

Байцы спэцназу міліцыі Ігар Бажок і Ўлідзімер Бабуська, якія выступалі на судзе ў якасьці сьведак, цьвердзілі, што ўвесь час знаходзіліся побач з Анатолем Лябедзькам. Яны казалі, што ён нецэнзурна лаяўся, абражаў іх і пагражаў звальненьнем са службы. Міліцыянты запэўнівалі, што палітык хваліўся сваімі сувязямі ў пракуратуры і МУС. Калі ж Анатоль Лябедзька прадставіў суду некалькі фотаздымкаў, на якіх яго суправаджалі і садзілі ў аўтобус іншыя спэцназаўцы, то Уладзімер Бабуська парыраваў тым, што гэта фотамантаж. Анатоль Лябедзька заявіў хадайніцтва аб праглядзе апэратыўнай відэастужкі.

Анатоль Лябедзька паведаміў “Свабодзе” у судовай залі:

(Лябедзька: ) “Я атрымаў, канешне, унутранае задавальненьне, таму што ўсё тут распаўзлося, развалілася. Канешне, прыемна ставіць у тупік гэтых людзей, якія выносілі не адзін прысуд палітычны, не маючы ніякіх аргумэнтаў. Але сёньня ім няма за што зачапіцца, нават саломінку не далі. Можа, сапраўды, як кажуць, па альфабэце прызначаюць гэтых спэцназаўцаў, каб яны прыходзілі і гаварылі хлусьню. Выносіць рашэньне на такіх хлусьлівых паказаньнях, нават пры ўсіх хібах нашай судовай сыстэмы – гэта вельмі абразьліва”.

Судзьдзя Аляксей Бычко, які ўчора арыштаваў маладафронтаўцаў Алега Корбана і Зьмітра Хведарука на 15 сутак, адхіліў іх хадайніцтва аб праглядзе стужкі. Гэтыя ж сьведкі Бажок і Бабуська давалі паказаньні на ўчорашнім працэсе. Судзьдзя далучыў да справы фотаздымкі і накіраваў яе ў міліцыю, каб там правялі разьбіраньне.

У калідорах і на лесьвічных пляцоўках было шмат спэцназаўцаў, якіх выклікалі ў суд, каб у выпадку арышту адвезьці Анатоля Лябедзьку ў турму на Акрэсьціна. Ня выключана, што днямі складуць новы пратакол і палітыка будуць судзіць зноў.

XS
SM
MD
LG