Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь пятнаццаць гадоў: якія прычыны распаду СССР?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Пятро Садоўскі й Лявон Баршчэўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Да распаду СССР мэдыі ня толькі постсавецкай прасторы, але й замежныя зьвяртаюцца да гэтай тэмы, спрабуюць вызначыць прычыны й наступствы таго вялікага геапалітычнага катаклізму. Расейскія й беларускія мэдыі стварылі міт, што тры чалавекі сабраліся ў Белавескай пушчы й нібыта зь нейкай злой волі развалілі “вялікую дзяржаву”. Але тут адразу ж узьнікае пытаньне: што гэта за вялікая дзяржава, якую могуць за ноч разваліць тры чалавекі?

Чаму распаўся СССР? Якія прычыны абумовілі гэты працэс? Ці быў ён заканамерны? Ці пры нейкім іншым разьвіцьці падзеяў СССР можна было захаваць у адноўленым выглядзе?”

(Пятро Садоўскі: ) “У гэтым пытаньні ў кожнага свая праўда. У той час я быў старшынём камісіі ў міжнародных справах, удзельнічаў у так званым новаагароўскім працэсе, два тыдні там абмяркоўвалі лёс СССР.

Пуцін кажа, што Віскулі — найвялікшая трагедыя ХХ стагодзьдзя. Я б сказаў, наадварот — Віскулёўскія пагадненьні далі станоўчы імпульс, там была выпраўленая трагедыя, якая здарылася ў 1917 годзе.

СССР самаразбурыўся. Я згадваю, як мы ад’яжджалі з Нова-Агарова і нам афіцыянткі давалі на дарогу кілбасу й казалі: “Бярыце на памяць пра СССР, бо ў Маскве нічога ня купіце”. Эканамічная сытуацыя была катастрафічная, цэны на нафту ўпалі. Калі б было шмат нафтадаляраў, то СССР яшчэ працягнуў бы год-два”.

(Лявон Баршчэўскі: ) “Перабудова дала галоснасьць, свабодныя мэдыі. Дзякуючы гэтаму былі здыскрэдытаваныя КПСС і КДБ, якія цэмэнтавалі савецкую імпэрыю. Прычым, КДБ быў дыскрэдытаваны ў выніку путчу ГКЧП. А іншых цэмэнтных рэчываў не было”.

(Карбалевіч: ) “Так, сапраўды — СССР мог існаваць толькі як таталітарная дзяржава. Дэмакратыя для яго была сьмяротным вірусам. Дэмакратычнага СССР не магло існаваць. У афіцыйнай беларускай идеалёгіі распад СССР і нараджэньне незалежнай Беларусі трактуецца як няшчасьце. Нібыта магутная дзяржава была разбураная ў выніку змовы ў Віскулях, адбылася трагедыя. Так трактуе гэтыя падзеі й Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу НТВ, якое паказалі 7 сьнежня. І як пабочны вынік гэтага катастрафічнага зьбегу гістарычных абставінаў, як непаразуменьне зьявілася незалежная Беларусь. Як вядома, выпадкова народжаныя, нежаданыя дзеці часта становяцца нелюбімымі. Чаму беларускія ўлады так трактуюць тыя падзеі?”

(Садоўскі: ) “Паўтараюцца міты, каб апраўдаць сыстэму, якая існуе ў Беларусі. У інтэрвію Лукашэнкі я зьвярнуў увагу на адзін нюанс. Беларускі кіраўнік пачаў хваліць Гарбачова, бо той даў магчымасьць праявіць сябе маладым палітыкам — такім, як Лукашэнка. І разам з тым, ён апраўдвае сваё аўтарытарнае кіраваньне. Лукашэнка сказаў, што адрозна ад Гарбачова палітык павінен быць рашучым, нават калі яму сьвеціць турма, ён павінен ісьці напралом”.

(Баршчэўскі: ) “Калі б Лукашэнка быў запрошаны й актыўна ўдзельнічаў у гэтым працэсе, то ён бы сёньня інакш падаваў тыя падзеі. Яго крыўдзіць, што ён быў маргінальным дэпутатам, нават праспаў галасаваньне па Віскулёўскіх пагадненьням. Таму цяпер гэтак апраўдваецца”.

(Садоўскі: ) “Ён стварыў міт, што быў адзіным, які галасаваў супраць Віскулёўскіх пагадненьняў”.

(Баршчэўскі: ) “Гэта вядомы факт няпраўды, даўно ўжо даказана, што ён ня ўдзельнічаў у галасаваньні”.

(Карбалевіч: ) “Законы, якія сталі асновай беларускай незалежнасьці, дзяржаўная сымболіка былі прынятыя з ініцыятывы фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. То бок, гэта былі дні трыюмфу палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. І таму яшчэ яго такое стаўленьне да гэтых падзеяў. Вы былі аднымі з бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасьці. Яна атрымалася не такая, пра якую вы марылі.

А зь іншага боку, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПД, калі ў 1993 годзе 55% насельніцтва хацела б вяртаньня СССР, то ў 2005 годзе — толькі 38%. Паводле іншых апытаньняў, беларусы менш шкадуюць пра Савецкі Саюз, чым расейцы і ўкраінцы. Як бы вы ацанілі гэтыя пятнаццаць гадоў існаваньня Беларусі?”

(Садоўскі: ) “Сёньня ўлады бяруць на ўзбраеньне канцэпцыю БНФ, якая зьявілася тады на пачатку 1990-х гадоў. Напрыклад, была ідэя БНФ аб Балцка-Чарнаморскім зьвязе. Цяпер амаль пра гэта кажа й Лукашэнка, гаворыць пра дывэрсыфікацыю крыніц энэргазабесьпячэньня. І міністар замежных справаў Мартынаў гаворыць тое, пра што казаў тады Пазьняк. Жыцьцё прымусіла іх вярнуцца да такога мысьленьня.

Абсалютна натуральна, што большасьць беларусаў ня хоча вяртаньня ў СССР. Гэтага ня хоча эліта, забясьпечаная добрымі грашыма. Пэнсіянэры, інтэлігенцыя таксама ня хочуць, бо асьцерагаюцца Расеі. Гэтыя пятнаццаць гадоў, хоць з кроўю, пакутамі, але зрабілі сваю справу. Мы ідзем насустрач нармальнай дзяржаве”.

(Баршчэўскі: ) “Мяне бянтэжыць, што за апірышча гэты рэжым узяў бездухоўнасьць. Таму нельга адназначна станоўча ацаніць гэтыя пятнаццаць гадоў. Моладзь на 100% лічыць сябе грамадзянамі Беларусі, а ня нейкай саюзнай дзяржавы. Тое, што цяперашняя ўлада бярэ на ўзбраеньне нашы прапановы, сьведчыць пра наш прагматызм. Ідэя незалежнасьці ў прывабным выглядзе была сфармуляваная БНФ. І ў гістарычнай пэрспэктыве забраць гэта сабе цяперашнім уладам ня ўдасца.

Усе гэтыя савецкія назвы вуліц, помнікі адыдуць у нябыт. Яны ня здольныя ажывіць мерцьвяка. Цяперашняя эліта не зацікаўленая ў аднаўленьні СССР, што б яна ні гаварыла. А гаворыць яна дзеля таго, каб нішчыць сваіх палітычных апанэнтаў”.

(Карбалевіч: ) “Сёлета падчас выступу на паседжаньні, прысьвечанаму Дню незалежнасьці, Лукашэнка заявіў, што сувэрэнная беларуская дзяржава канчаткова пабудаваная. Ці згодныя вы з такою высноваю? Ці сапраўды беларуская незалежнасьць незваротная?”

(Садоўскі: ) “Думаю, што не. Мы зможам сказаць пра канчатковую пабудову сувэрэннай Беларусі, калі ў нас будзе стабільнасьць, дэмакратыя, падзел уладаў, грамадзянская супольнасьць, прыватная ўласнасьць і іншае. Тады мы зьліемся з Эўропай. А пакуль мы — нешта як бы зробленае да часу”.

(Баршчэўскі: ) “Ёсьць адна небясьпека. Баюся, што калі ўзьнікне вонкавая пагроза, то шмат людзей, якія выступаюць за незалежнасьць, не захочуць бараніць яе. Пагроза будзе існаваць, пакуль не выпрацуюцца нацыянальныя традыцыі, незалежная грамадзянская супольнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, распад СССР і стварэньне сувэрэннай Беларусі былі абумоўленыя гістарычна. Большасьць грамадзянаў краіны ўспрымае сувэрэнітэт як каштоўнасьць, губляць якую яны не хацелі б”.
XS
SM
MD
LG