Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская канфэрэнцыя ў Варшаве (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве пачалася міжнародная канфэрэнцыя “Беларусь – яе месца на эўрапейскай прасторы паміж усходам і захадам”. У ёй бяруць удзел беларускія экспэрты, а таксама актывісты польскіх арганізацыяў, што займаюцца беларускімі праектамі

Арганізатарка канфэрэнцыі спадарыня Гражына Обляс кажа, што яе крыху незвычайны назоў зьвязаны з тым, што ў беларускім грамадзтве назіраецца падзел – улады вядуць праусходнюю палітыку, у той час як значная частка беларусаў хочуць інтэграцыі сваёй краіны ў Эўразьвяз.

(Обляс: ) “Беларусы заўсёды адчувалі сябе эўрапейцамі – мы маем зь беларусамі агульныя эўрапейскія карані і павінны жыць у агульнай эўрапейскай сям’і. Таму мы запрасілі на канфэрэнцыю і беларусаў, і палякаў, каб падзяліцца нашым досьведам далучэньня да аб’яднанай Эўропы”.

Незвычайныя тэмы дакладаў экспэртаў. “Польска-беларускія гістарычныя дачыненьні вачыма сучаснага паляка, які не хацеў бы напалохаць беларусаў сваёй занадта вялікай любоўю да Вялікага Княства Літоўскага” – тэма прамовы былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. А рэжысёр Андрэй Кудзіненка расказаў пра “Месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце на падставе беларускага і савецкага кіно”.

Паводле гісторыка Алеся Краўцэвіча, такія сустрэчы патрэбныя, бо гісторыя Беларусі палякам амаль невядомая, а разьлічваць на цяперашнія беларускія ўлады ў яе папулярызацыі ў сьвеце не выпадае.

(Краўцэвіч: ) “Паглядзіце, як працуе Польскі інстытут у Беларусі, нешта я ня бачу такіх структураў беларускіх у Польшчы. А нават каб такі інстытут быў, то напэўна займаўся б прапагандай лукашэнкаўскага варыянту гісторыі Беларусі, якая пачынаецца ад 1917 году. Гэтая дзяржава ня здольная ні на прапаганду беларускасьці, ні на яе стварэньне”.

У канфэрэнцыі бяруць удзел таксама Уладзімір Колас, Уладзімір Падгол, Ніна Баршчэўская.





XS
SM
MD
LG