Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Меншчыне паменела прэтэндэнтаў ад апазыцыі на дэпутацкія мандаты


Радыё Свабода У Менскай вобласьці многія дэмакратычныя прэтэндэнты спыняюць удзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

Найбольш дружна з выбарчай дыстанцыі сыходзяць сябры Партыі камуністаў беларускай. Вось што паведаміў сакратар салігорскай раённай арганізацыі ПКБ Казімір Кавецкі:

(Кавецкі: ) “У нас было рашэньне зьезду: усім зьняць свае кандыдатуры. Таму й камуністы здымаюць свае кандыдатуры. Падавалі трое — сёньня павінен зьняць трэці сваю кандыдатуры. Таму што сэнсу няма, таму што мы ведаем, што ўсё роўна ніводзін чалавек ад апазыцыі ня пройдзе. Гуляць у адны вароты, каб потым сказалі, што народ не прыняў апазыцыі — навошта гэта?!”

У Барысаве спынілі свой удзел у выбарах сябры Партыі БНФ. Яе тутэйшыя прадстаўнікі зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію з патрабаваньнем спыніць парушэньні выбарчага заканадаўства, якія, на думку барысаўскіх актывістаў, маюць месца ў гэтым горадзе. Расказвае лідэр арганізацыі Сяргей Салаш:

(Салаш: ) “Учора прыйшоў з Цэнтравыбаркаму нарэшце адказ. І адразу хачу сказаць, што адказ нас цалкам не задаволіў. Таму цяпер мы будзем падаваць заяву ў пракуратуру й рабіць яшчэ адну адмысловую заяву ў Цэнтравыбаркам. У мяне канкурэнт — намесьніца старшыні Барысаўскага райвыканкаму. У яе кабінэце знаходзіцца выбарчая камісія. Яна адначасова зьяўляецца прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат”.

Тым часам, паўтара дзясятка сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, як паведаміў лідэр Менскай абласной арганізацыі Леў Марголін, працягваюць змаганьне за дэпутацкія мандаты. Але адзін зь іх — Аляксандар Ваўчанін з Жодзіна — сёньня абвясьціў, што будзе здымаць сваю кандыдатуру. Сёньня ж у Жодзіне быў спынены ўдзел у кампаніі й актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Каранюхіна. Расказвае яго паплечнік Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Сёньня прайшло паседжаньне Жодзінскай выбарчай камісіі, і стала вядома, што аднаго чалавека з “Маладога фронту” Каранюхіна Паўла не зарэгістравалі. Нібыта яны абышлі людзей, якія ставілі подпісы, і людзі пацьвердзілі, што подпісы яны ставілі, але быццам бы некалькі чалавек сказалі, што яны ня ставілі даты сваімі рукамі. З нашай моладзевай суполкі толькі адзін чалавек падаваў на рэгістрацыю”.
XS
SM
MD
LG