Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі кошт бэнзіну дасягнуў 2000 рублёў за літар


Радыё Свабода Упершыню ў гісторыі Беларусі кошт паліва наблізіўся да заходніх стандартаў. Ад сёньняшняга дня на аўтастанцыях літар бэнзіну А-95 каштуе 2000 рублёў — у эквіваленце амаль даляр. Гэта другое падвышэньне цаны паліва за два тыдні.

На загад канцэрну “Белнафтахім” ад 12 сьнежня зацверджаныя новыя гуртовыя і розьнічныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца на аўтазалівачных станцыях. Літар дызэльнага паліва, як і бэнзіну гатунку Н-80, цяпер каштуе 1400 рублёў, А-92 — 1760 рублёў, А-95 — 2000 рублёў. З улікам папярэдняга падвышэньня коштаў, якое адбылося 27 лістапада, цэны вырасьлі прыблізна на 10% для кожнай маркі.

Чым выкліканы рост цэнаў на нафтапрадукты, у канцэрне “Белнафтахім” камэнтаваць адмовіліся, толькі спаслаліся на прэзыдэнцкі ўказ “Аб некаторых захадах у стабілізацыі тарыфаў у Рэспубліцы Беларусь”, датаваны 1999 годам. Эканаміст Сяргей Балыкін кажа, што эканамічнай лёгікі ў падобных рашэньнях шукаць цяжка: кошты ў Беларусі фармуюцца ня рынкам, а дырэктывамі адказных за канкрэтны сэктар структураў.

(Балыкін: ) “Як адбываецца цэнаўтварэньне ў Беларусі — гэта, як правіла, вялікая таямніца. Што да нашага выпадку, то, магчыма, “Белнафтахім” не падвышаў коштаў раней, калі нафта была даражэйшая, а цяпер тыя пастаўкі (пераважна расейскія) папросту скончыліся. Каб не было заўчаснай незадаволенасьці ў грамадзтве, ня выключана, што стрымлівалі падвышэньне штучна. Бо ў нас цана ня рынкавая, а ў нас цана дырэктыўная, нарматыўная”.

Эканаміст Тацяна Манёнак лічыць, што зьнешне неістотныя падвышэньні могуць мець працяг. Расейскі й беларускі бакі безвынікова спрабуюць дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2007 годзе. Асноўныя спрэчкі тычацца таго, як будуць разьмяркоўвацца міждзяржаўныя мытныя пошліны на экспарт нафтапрадуктаў. У любым выпадку, як кажа спадарыня Манёнак, сытуацыя пагоршыцца — расейскае кіраўніцтва ўжо ня будзе забясьпечваць Беларусь ільготнымі ўмовамі.

(Манёнак: ) “Цяжка адсачыць тэндэнцыі, калі, прыкладам, на ўсясьветным рынку падаюць кошты, а ў нас падвышаюцца ўсё роўна. Але трэба мець на ўвазе, што мы не атрымліваем нафту па коштах усясьветнай біржы. Таксама ёсьць спэцыфіка фармаваньня кошту на ўнутраным расейскім рынку, да гэтага прыплюсоўваюцца прыбыткі нафтавых кампаніяў. І ўсё ж гэтая нафта паступае без мытных пошлінаў, таму яна, канечне, не раўназначная кошту на расейскім рынку (дзесьці на 50% вышэй). Але ж яна ніжэй, чым усясьветны кошт — на памер мытных пошлінаў, якія складаюць палову кошту на нафту”.

Кошты на паліва ў Беларусі адны з самых высокіх сярод краінаў былога СССР. Літар самага папулярнага бэнзіну АІ-92 у Расеі ў апошнюю дэкаду лістапада нават панізіўся на паўпрацэнта і склаў 18 расейскіх рублёў (у беларускіх грашах каля 1500 рублёў). Ва Ўкраіне літар 92-га каштуе 3,5 грыўні, альбо блізу 1600 беларускіх рублёў, што на 160 рублёў таньней, чым каштуе такіж бэнзін у Беларусі.

Самы танны бэнзін у Туркмэністане — поўны бак каштуе адзін даляр. Праўда, уладальнікаў аўтамабіляў тут ці не найменш на постсавецкай прасторы.
XS
SM
MD
LG