Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: Казуліна выводзяць з галадоўкі прымусова?


Радыё Свабода Экс-палітвязень Сяргей Скрабец не выключае, што Аляксандра Казуліна пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што 11 сьнежня жонцы палітыка не дазволілі ня толькі пабачыць мужа, але й нават пагутарыць зь ім па тэлефоне, хоць сам Аляксандар Казулін у часе тэлефоннай размовы 9 сьнежня прасіў жонку прыехаць да яго.

Сяргей Скрабец на бачыць праблемаў з дазволам на спатканьне, калі Казулін сапраўды напісаў заяву пра выхад з галадоўкі. На ягоную думку, адміністрацыя калёніі магла б даць яму хаця б хвіліну пагутарыць па тэлефоне, каб пацьвердзіць жонцы сваё рашэньне. Апроч таго, спадар Скрабец лічыць падазроным супадзеньне ў часе забароны на спатканьне ды зьяўленьня інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў пра тое, што Аляксандар Казулін спыніў галадоўку.

На думку Сяргея Скрабца, адметны і той факт, што кіраўніцтва калёніі “Віцьба-3” паабяцала паведаміць адвакату Казуліна, калі ягоны кліент спыніць галадоўку, і даць дазвол на спатканьне. “Адвакат нічога ня ведае, – сказаў Сяргей Скрабец у інтэрвію прэсавай службе АГП. – Калі Казуліна блякуюць, то відавочна нешта адбываецца на тоўстымі сьценамі калёніі, куды ніхто ня можа патрапіць. Я мяркую, магло быць пагаршэньне стану Казуліна ды яго пачалі прымусова выводзіць з галадоўкі”.
XS
SM
MD
LG