Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мне трэба ведаць, што Аляксандар сам выходзіць з галадоўкі"


Ганна Соўсь, Віталь Цыганкоў, Прага "Учора мне тэлефанавала маці Аляксандра, уся ў сьлязах, сказала, што яна дазванілася да дзяжурнага МУС, і той сказаў, што ён нічога ня ведае пра выхад з галадоўкі. Я ня ведаю, як яна правяла гэтую ноч, яна ў адчаі. Мы будзе тэлефанаваць ізноў, каб хаця б на хвіліну пачуць ягоны голас. Мне трэба ведаць, што Аляксандар сам выходзіць з галадоўкі, што яго не выводзяць зь яе гвалтоўна, і што зь ім усё ў парадку", -- сказала Ірына Казуліна ў ранішнім эфіры "Свабоды”.

(Цыганкоў: ) “Спадарыня Ірына, найперш якія ў вас ёсьць зьвесткі пра мужа. Ці атрымалі Вы пацьверджаньне з калёніі, што Аляксандар Казулін сапраўды выходзіць з галадоўкі?”

(Казуліна: ) "Ведаеце, у нас у краіне ня так паважна ставяцца да людзей. Учора я праехала 600 кілямэтраў (300 да "Віцьбы-3" і назад), каб завесьці мужу дакумэнты, якія, як мне здаецца, даюць яму высновы для выхаду з галадоўкі. А мне не далі зь ім спатканьня нават на пяць хвілінаў, і нават пагаварыць па тэлефоне. І я вымушаная была прыехаць назад, і калі вярнулася ў Менск, мне патэлефанавалі журналісты і запыталіся: “Ці Вы ведаеце, што муж выходзіць з галадоўкі?” Я ім адказала, што буду вельмі шчасьлівая, калі гэта будзе праўдай. Але паколькі мяне не пусьцілі і адправілі назад, я не магу ім паверыць, пакуль не пачую голас свайго мужа".

(Цыганкоў: ) “Ірына, апошнімі днямі шмат палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў заклікалі Аляксандра Казуліна спыніць галадоўку. Пра гэта гавораць і многія слухачы “Свабоды” ў сваіх тэлефанаваньнях”.

(Ларыса, Менск: ) “ Наконт галадоўкі Казуліна Сьвятлана Алексіевіч сказала, што жыцьцё чалавека даражэй за ўсё на сьвеце. Я зь ёю салідарная ў гэтым. Аляксандр, спыніце галадоўку. У Вас такая цудоўная сям’я, такая цудоўная Ірына. Апошнім часам з-за таго, што так турбуецца за Ваша здароўе і Ваша жыцьцё, нават страціла голас. Пашкадуйце яе. Той народ, за які Вы гатовы аддаць жыцьцё, яшчэ не абудзіўся. Вы яму патрэбны жывым і здаровым, каб яго абудзіць”.

(Павел Васілевіч, Менск: ) “Паважаны Аляксандр Уладзіслававіч Казулін, мой сын! Няхай 10-га сьнежня Дзень правоў чалавека стане апошнім днём тваёй доўгатэрміновай галадоўкі. Бо ў краіне Лукавіне, дзе правоў чалавека і правасудзьдзя няма, а табе, разумнаму чалавеку, змагару за свабоду і правы чалавека, – турма. Трэба жыць і быць здаровым, мой сын!”

(Цыганкоў: ) "Ірына, якія пачуцьці ў Вас выклікаюць такія тэлефанаваньні?"

(Казуліна: ) "Вельмі кранальныя. Я з усімі магу згадзіцца.Я таксама атрымліваю шмат тэлефонных званкоў, лістоў. Але ведаеце, Аляксандар чакаў масавай рэакцыі ў краіне. Я думаю, што ён яе дачакаўся ў нейкай ступені. Ён хацеў, каб наша аб''яднаная апазыцыя зрабіла пэўныя крокі наперад. Ён хацеў, каб міжнародная супольнасьць, хаця б крыху прасунулася наперад ва ўсьведамленьні сытуацыі ў Беларусі і ва ўплыве на гэтую сытуацыю. Я лічу, што яму ўдалося гэта зрабіць. Вельмі ўдзячная людзям, якія так перажываюць за Аляксандра. Мы кранутыя, і ён таксама перадае сваю ўдзячнасьць”.

(Соўсь: ) “Што вядома цяпер пра стан ягонага здароўя? Што кажуць турэмныя лекары? Вы казалі раней, што прывезьлі ў калёнію ўсё неабходнае для выхаду з галадоўкі? Ці будзе ў Вас магчымасьць перадаваць яму ўсе неабходныя прадукты і надалей?

(Казуліна: ) "Учора начальнік калёніі мне сказаў, што мне дадуць перадаць усё, што тычыцца выхаду з галадоўкі. Але галоўнае, што я яшчэ ня ведаю, як ён сябе адчувае. Тым больш, што ўчора мне тэлефанавала маці Аляксандра, уся ў сьлязах, сказала, што яна дазванілася да дзяжурнага МУС, і той сказаў, што ён нічога ня ведае пра выхад з галадоўкі. Я ня ведаю, як яна правяла гэтую ноч, яна ў адчаі. Мы будзе тэлефанаваць ізноў, каб хаця б на хвіліну пачуць ягоны голас. Мне трэба ведаць, што Аляксандар сам выходзіць з галадоўкі, што яго не выводзяць зь яе гвалтоўна, і што зь ім усё ў парадку".

(Соўсь: ) “Спадарыня Ірына, памятаеце, ў ліпені напярэдадні суду над Аляксандрам Казуліным я была ў Вас дома, рабіла перадачу “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”...

(Казуліна: ) "Вельмі добрая была перадача. Дзякуй, Ганна".

(Соўсь: ) “... і тады Вы мне паказвалі анёлаў, якіх калісьці набывалі разам з мужам у Празе. Хутка Каляды, натуральна Вам было пакуль што не да пошуку падарункаў... Але тым ня менш, які падарунак Вы хацелі б зрабіць для свайго мужа сёлета?”

(Казуліна: ) "Мы абавязкова паставім жывую ялінку, як заўсёды. І павесім на яе яго любімых анёлаў. Гэта мы зробім на Новы год. Пра падарунак я яшчэ ня ведаю, бо я зараз так занятая тым, каб выйсьці з гэтай пікавай сытуацыі зь ягоным здароўем, то сказаць па праўдзе, я пра гэта яшчэ ня думала. Але мы ўжо марым пра доўгатэрміновае спатканьне. Гэта будзе пасьля Новага году, калі мы паедзем да яго і правядзем разам цэлых тры дні”.

XS
SM
MD
LG