Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае кіно: ці ёсьць нагода да сьвяткаваньня?


Ігар Карней, Менск Сёньня ў кінатэатрах Беларусі адбудуцца дэманстрацыі кінафільмаў, прымеркаваныя да Дня беларускага кіно. Рэпэртуар да 17 сьнежня складзены з замежных фільмаў, якія атрымлівалі прэстыжныя прэміі, і даўнейшых беларускіх стужак. Спэцыялісты, аднак, адзначаюць: нагоды да сьвяткаваньня асаблівай няма – паказаць аматарам уласны прадукт сёньняшнія беларускія прафэсіяналы ня могуць.

Беларускія кінэматаграфісты даводзяць, што галоўная здымачная пляцоўка краіны – “Беларусьфільм” – цягам апошніх гадоў пераўтварылася ў філіял маскоўскіх кампаніяў. Мала які расейскі рэжысэр ці актор не працавалі ў беларускім антуражы. А вось мясцовым творцам ў Беларусі ўсё цяжэй. Да паказу забароненыя фільмы, якія не стасуюцца з сучаснымі ідэалягічнымі патрабаваньнямі дзяржавы. Сярод забароненых цэнзурай – фільмы “Акупацыя. Містэрыі” рэжысэра Андрэя Кудзіненка. Не мае экрану ў Беларусі стужка пра Васіля Быкава “Дарога дадому”, дзе адным з аўтараў кінадраматург Ірына Пісьменная. З кінапрацэсу фактычна выключаныя такія знакамітыя майстры як Ігар Дабралюбаў, Вячаслаў Нікіфараў, Віктар Дашук, Валерый Панамароў. Рэжысэр - кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі лічыць: кожны ў беларускіх умовах мусіць каардынаваць сваю творчасьць з палітыкай.

(Хашчавацкі: ) “Я наконт гэтага выказаўся, дык “БелГазета” надрукавала маю цытату пад рубрыкай “Вырвалася” – маўляў, я ня маю рацыі. І папрасілі Кудзіненку пракамэнтаваць. Той сказаў: трэба пра каханьне здымаць і г.д. То бок, звычайнае перакананьне вельмі многіх нармалёвых і вартых людзей, да якіх я адношу Кудзіненку таксама. Памятаю, я пачытаў і сумна ўсьміхнуўся: ну-ну, думаю, цікава, хлопцы, а што будзе празь некаторы час? Дык гэта здарылася літаральна праз пару тыдняў, калі яго фільм усюды тут забаранілі. І гэта тыповы выпадак”.

Кінакрытык Ала Бабкова гаворыць, што ўмяшаньне чыноўнікаў у творчы працэс недапушчальным. І зусім невытлумачальным ёй падаецца нібыта клопат дзяржавы пра інтарэсы гледачоў.

(Бабкова: ) “Пачаўся ідэалягічны наступ. І цяпер я бачу, што асобныя фільмы, прыкладам, стужка Кудзіненкі, хоць і атрымала пракатнае пасьведчаньне, але калі пачаўся татальны наступ ідэалёгіі, скасавалі гэтае рэгістрацыйнае пасьведчаньне. З майго гледзішча, у гэтай стужцы няма нічога, што патрабавала б яе забараняць. Гэта ўвогуле новы, цікавы напрамак, новая мяжа ў тэме вайны і акупацыі Беларусі”.

Кінадраматург Ірына Пісьменная канстатуе: незалежныя творцы паводле аб’ектыўных прычынаў ня могуць нічога супрацьпаставіць дзяржаўнай машыне.

(Пісьменная: ) “Гэта і матэрыяльныя страты, і маральныя. Але ў першую чаргу маральныя, бо рабілі шчыра, хацелі, каб атрымалася, каб была памяць. А тут, прабачце, як па галаве абухом бахнулі. Забараняем, і ўсё! Нейкі Гітлер, нейкі Сталін, неяк усё ня так. Канешне, гэта вялікія маральныя страты. Я б з задавальненьнем паскардзілася б на чыноўнікаў у суд. Бо каб сабраць дасьведчаную экспэртную камісію, то фільмы ніяк не маглі закрыць”.

Абмінаюць беларускіх гледачоў ня толькі айчынныя стужкі. Быў істотна абмежаваны ўсясьветны бэстсэлер “Код да Вінчы”. Не пабачыў пракату топавы сатырычны фільм “Барат”. Цяпер чыноўнікі загадзя папярэджваюць, што ў Беларусі забароняць сатырычную працу расейскага рэжысэра Аляксандра Валава “Бацькава шчасьце”, дзе галоўным героем – кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

17 сьнежня абрана ў якасьці даты афіцыйнага сьвята беларускага кінэматографу, бо менавіта ў гэты дзень у 1924 годзе зьявілася прафэсійнае аб’яднаньне беларускіх кінэматаграфістаў і фатографаў – “Белдзяржкіно”. Сярод вядомых стужак, якія склалі гонар беларускага кінэматографу, – “Чырвоныя лісты” Уладзімера Корш-Сабліна, “Альпійская баляда” Барыса Сьцяпанава, “Людзі на балоце” Віктара Турава, “Белыя росы” Ігара Дабралюбава ды іншыя.
XS
SM
MD
LG