Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры праз суд дамагаюцца рэгістрацыі аб’яднаньня


Міхал Стэльмак, Менск Група беларускіх пэнсіянэраў зьвяртаецца ў Вярхоўны суд са скаргай на Міністэрства юстыцыі ў сувязі з яго адмовай на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня “Старэйшыны”. Прыхільнікі новай арганізацыі лічаць дзеяньні ўладнай структуры неабгрунтаванымі.

Аб’яднаньне пэнсіянэраў “Старэйшыны” неафіцыйна існуе ад мінулага году. Паводле ініцыятараў, у яго шырокая сацыяльная база. Гаворыць Уладзімер Раманоўскі з Менску:

(Раманоўскі: ) “Два з паловай мільёны складае сацыяльны слой пэнсіянэраў. Ні на грамадзкім, ні на дзяржаўным узроўнях гэтая калясальная структура ніяк не прадстаўлена. Фактычна адсутнічае сыстэма ўзаемасувязі сацыяльнага слою і дзяржавы. Таму ў верасьні 2005 году адбылося першае паседжаньне аргкамітэту”.

Ад таго часу, паводле спадара Раманоўскага, пачаліся й пакуты. У сьнежні мінулага году Менгарвыканкам забараніў праводзіць устаноўчую канфэрэнцыю. Сёлета гэта паўтарылася ў лютым. І толькі ўлетку дакумэнты на рэгістрацыю аб’яднаньня “Старэйшыны” трапілі ў Міністэрства юстыцыі. Але адказу пэнсіянэры дачакаліся адмоўнага. Паводле Мінюсту, “дэлегатаў устаноўчай канфэрэнцыі нельга прызнаць легітымнымі”.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі лічаць такое рашэньне неабгрунтаваным. Пэнсіянэр Уладзімер Страх:

(Страх: ) “У нас цяпер у арганізацыі ёсьць ад крайне правых да крайне левых – і цэнтрысты, і любой масьці. І калі мы хадзілі на прыём да Галаванава, міністар Галаванаў спытаў: “А хто ў вас там ёсьць, якія людзі? Ён кажа, такія, каб не хадзілі, сьцягамі не махалі. Мы адказалі, што ў асноўным гэта людзі, якія хочуць жыць нармальна”.

Тым часам афіцыйна незарэгістраванае аб’яднаньне “Старэйшыны” прыцягвае ўсё больш прыхільнікаў. У тым ліку, у рэгіёнах. Гаворыць актывістка арганізацыі Тацяна Зялко:

(Зялко: ) “Я шмат езьдзіла ў рэгіёнах. Людзі пэнсійнага ўзросту выяўляюць жаданьне супрацоўнічаць і выказваюць неразуменьне недаўменьне, што нашу арганізацыю не зарэгістравалі. Было вельмі шмат прапаноў на пратэсты”.

Інтарэсы пэнсіянэраў у Вярхоўны судзе будзе прадстаўляць юрыст Юрась Чавусаў:

(Чавусаў: ) “У дадзеным выпадку, па-першае, законных падстаў а адмове рэгістрацыі няма, а, па-другое, парушана працэдура, паводле якой прымаюцца такія рашэньні”.
XS
SM
MD
LG