Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэб-сайту беларускай "Свабоды" – 8 гадоў


Сяргей Абламейка, Прага 10 сьнежня 1998 году – 8 гадоў таму – упершыню пабачыла сьвет Інтэрнэт-старонка Беларускай службы Радыё Свабода.

Напачатку наш сайт быў сьціплы – там выстаўлялася ўсяго па 5-10 найважнейшых паведамленьняў дня. Цяпер жа ён зьмяшчае практычна ўсе тэксты, якія гучаць у нашым радыёэфіры, а таксама і тыя, якія рыхтуюцца спэцыяльна для інтэрнэту. Колькасьць штодзённых абнаўленьняў сягае 50-ці і нават болей. Сайт абнаўляецца кругласутачна.

Колькасьць наведнікаў з тых часоў павялічылася ў сотні разоў. Сёлета бывалі дні, калі на наш сайт заходзіла па 30 тысяч чалавек. У студзені мы перасягнулі рубеж у 1 мільён праглядаў старонак у месяц, а ўжо ў сакавіку на нашым сайце было 3 мільёны праглядаў.

Штотыдзень праводзяцца онлайн-канфэрэнцыі – іх удзельнікі адказалі на 3000 пытаньняў. На сайце існуе электронная бібліятэка выдадзеных нашай службай кніг, штодзень рэпартажы ілюструюцца ў сярэднім 20 фатаздымкамі. З красавіка сёлета на сайце выстаўлена 5000 здымкаў.

Праз сайт можна слухаць "Свабоду" і спампоўваць файлы ў МР3 плэеры. А ў апошнія два месяцы мы пачалі зьмяшчаць і відэаролікі, якія ілюструюць падзеі ў Беларусі і сьвеце.

Сёньня вэб-сайт Беларускай Свабоды – гэта самастойная вяшчальная плятформа.
XS
SM
MD
LG