Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч праводзіць сустрэчы ў Страсбуры


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца зь візытам у Страсбуры, дзе 12 сьнежня яму ўручаць прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Афіцыйная цырымонія пройдзе падчас сэсіі Эўрапарлямэнту.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч сустракаецца з прадстаўнікамі Эўразьвязу. У яго заплянаваныя сустрэчы з Майклам Матысанам, асабістым прадстаўніком Хавіера Саляны ў правах чалавека, і прэзыдэнтам камісіі замежных справаў Эўрапарлямэнту Эльмарам Брокам. Таксама адбудзецца вячэра з Эльмарам Брокам. Пра гэта паведаміла каардынатарка беларускага дэмакратычнага руху пры Эўразьвязе Вольга Стужынская.

Напярэдадні лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч правёў у Славаччыне перамовы зь міністрам замежных справаў краіны Янам Кубішам. На перамовах абмяркоўвалі супрацоўніцтва Славаччыны з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі. Паводле спадара Мілінкевіча, Славаччына гатовая больш актыўна і цьвёрда адстойваць беларускае пытаньне ў Эўразьвязе.

У Браціславе Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся й з кіраўніком парлямэнцкага камітэту ў міжнародных справах і правах чалавека, з дыпляматамі шэрагу краінаў і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў. Спадар Мілінкевіч наведаў інфармацыйны офіс Эўрапейскага парлямэнту ў Браціславе, дзе ёсьць інфармацыйныя стэнды з усімі ляўрэатамі прэміі імя Сахарава.
XS
SM
MD
LG