Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці Піначэта ў Сант''яга выбухнулі вулічныя сутыкненьні


Сяргей Абламейка, Прага Тысячы людзей выйшлі на вуліцы чылійскіх гарадоў пасьля ўчорашняга паведамленьня пра сьмерць былога дыктатара Аўгуста Піначэта. Ён кіраваў Чылі ад 1973 да 1990 гадоў, і на момант сваёй сьмерці 10 сьнежня сёлета знаходзіўся пад сьледзтвам па абвінавачаньні ў парушэньні правоў чалавека і махлярстве.

Вулічныя сутыкненьні паміж праціўнікамі і прыхільнікамі Аўгуста Піначэта выбухнулі ў сталіцы Чылі Сант’яга. Для таго, каб спыніць хваляваньні, паліцыя была вымушана прымяніць вадамёты. Якраз гэтыя сутыкненьні сьведчаць, наколькі супярэчлівай фігурай зьяўляецца былы чылійскі дыктатар.

Дачка былога прэзыдэнта Чылі Сальвадора Альендэ Ізабэль заявіла, што сьмерць Піначэта падманула правасудзьдзе:

(Ізабэль Альендэ: ) “Я траўмаваная тым, што ён спакойна памёр. Але справа не закрытая, і сьледзтва павінна працягвацца. Таму я лічу, што ён не заслугоўвае ніякіх афіцыйных хаўтураў. Ён быў дыктатарам, ён ня быў абраны людзьмі”.

Тым часам урад Чылі выказаў спачуваньне сям’і Піначэта і загадаў прыспусьціць сьцягі, сымбалізуючы грамадзкую жалобу.

Прадстаўнік чылійскага ўраду Рыкарда Вэбэр заявіў:

(Вэбэр: ) “Чылійскі ўрад выказвае спачуваньне сям’і генэрала Піначэта. Урад будзе дзейнічаць у межах сваіх паўнамоцтваў, прадугледжаных для гэтай сытуацыі, і падтрымае парадак у краіне”.

Піначэт выклікае ў сьвеце спрэчкі і жарсьці з-за жорсткага падаўленьня сваіх праціўнікаў пасьля перавароту 1973 году. Яго хунта жорстка распраўлялася з марксістамі, тысячы людзей зьніклі бязь вестак. Прычына сьмерці скінутага прэзыдэнта Сальвадора Альендэ застаецца нявысьветленай – дагэтуль спрачаюцца, быў ён забіты ці скончыў самагубствам.

Назіральнікі не сумняюцца, што стаўленьне да Піначэта надалей будзе дзяліць Чылі на яго прыхільнікаў і праціўнікаў.
XS
SM
MD
LG