Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскае замчышча стане праваслаўным


Радыё Свабода Магілёўскі аблвыканкам дазволіў праваслаўнаму прыходу Сьвятых царскіх пакутнікаў і праведнікаў ХХ стагодзьдзя пабудаваць на тэрыторыі летапіснага магілёўскага замчышча праваслаўны храм-помнік. Паводле афіцыйнай інфармацыі, храм пакутнікам і воінам, што загінулі за айчыну ў ХХ стагодзьдзі, пабудуюць на ахвяраваньні прыхаджанаў і дабрачынную дапамогу арганізацыяў. Будаўніцтва пачнецца ў 2007 годзе, а завершыцца ў 2008 годзе.

Магілёўскае замчышча, вядомае яшчэ як "Магіла ільва", — нацыянальны помнік археалёгіі. Ад другой паловы ХІХ стагодзьдзя на ягонай тэрыторыі разьбіты гарадзкі парк. Будаўніцтва храму пачалося ў 2002 годзе, але нечакана прыпынілася. Ад таго часу будаўнічая пляцоўка заставалася агароджаная.

У ХІІ стагодзьдзі на замчышчы была драўляная царква, якая пазьней згарэла. Ад сярэдзіны XVII стагодзьдзя згадак пра царкву няма. Доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк Магілёўскае замчышча называе цэнтрам хрысьціянізацыі Магілёва й ягонага навакольля. У яго няма прэтэнзіяў да прыходу й мясцовай улады адносна будаўніцтва храму. Аднак ёсьць да Дэпартамэнту помнікаў гісторыі й культуры — чаму дазволілі?

Спадар Марзалюк ня супраць будаўніцтва храму.

(Марзалюк: ) “Калі будаваць храм, дык варта было паспрабаваць аднавіць яго ў варыянце ХІІ—ХІІІ стагодзьдзя. Зрабіць археалягічны музэй пад адкрытым небам — то бок, музэй жывой археалёгіі. Гэта б усё працавала на імідж гораду й гарадзкі турызм”.

Ігар Марзалюк мяркуе, што пры пабудове храму статус замчышча зьменіцца.

(Марзалюк: ) “Ня трэба забывацца, што гэта парк у самым цэнтры гораду. Цікава, што будзе з гэтым месцам адпачынку. Храм плянуецца зрабіць у цэнтры. Будзе агароджа, ня будзе, як гэта будзе выглядаць? Гэтыя момант хвалююць грамадзкасьць”.

У абласным аддзяленьні Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры, якое ачольвае намесьнік старшыні аблвыканкаму Анатоль Глаз, адмовіліся камэнтаваць сытуацыю з будаўніцтвам храму.
XS
SM
MD
LG