Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталін “умацоўвае пазыцыі" на фасадах сталічных будынкаў


Ігар Карней, Менск У Менску ўсё болей месцаў, дзе вяртаецца памяць былога савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна. На вуліцы Бабруйскай, 17 рэстаўруецца паваенная пабудова, верхнія паверхі якой упрыгожаныя надпісам “Сталин”. На суседніх будынках зь дзьвюма высотнымі вежамі, вядомых як брама гораду, аднавілі выявы паравозу, франтон якога таксама пазначаны Сталіным.

Аднаўленьнем фасадаў у цэнтры Менску займаецца фірма “Эльвіра”. У прадпрыемстве падкрэсьліваюць, што гэта збольшага не глябальная рэстаўрацыя, а касмэтычны рамонт. Сёньня на аб’екце пад дажджом працаваў адзін будаўнік, якога пытаньні ідэалёгіі, мяркуючы па ўсім, хвалявалі ў апошнюю чаргу.

(Карэспандэнт: ) “Вас неяк хвалюе, кранае, што на вашым аб’екце фігуруе імя Сталіна?”

(Будаўнік: ) “Ня ведаю, мне сказалі рабіць, я выконваю. Калегі мае таксама атрымалі заданьне. Трэба, галоўнае, усё якасна зрабіць, каб у тэрмін укласьціся. Трэба ж, урэшце, і заробак за гэта атрымаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вам усё роўна, хто перад вачыма — Сталін, Ленін, Троцкі?”

(Будаўнік: ) “Няхай і так. Калі хтосьці калісьці ўсё гэта намаляваў, няхай так і будзе. У асабістым пляне нічога супраць ня маю”.

Архітэктар Вадзім Гліньнік, які прафэсійна вывучае архітэктуру сталінскага часу ў цэнтры Менску, канстатуе: на жаль, у сталіцы засталося так мала гістарычных помнікаў, што захоўваць даводзіцца ўсё, не зважаючы на ідэалягічны падтэкст.

(Гліньнік: ) “Натуральна, што ўсе сьведчаньні таго пэрыяду “ўляпілі” ня нанава. Але, мяркую, што ў гісторыі ўсё трэба захоўваць — і гэта таксама. Калі ацалела як гістарычны факт, то трэба, канечне, захаваць. Таму што неабходна змагацца з ідэямі, а ня зь іх мастацкім увасабленьнем. Мне здаецца, што мы ўвогуле пераацэньваем ролю мастацтва й архітэктуры на фармаваньне масавай сьвядомасьці. Ва ўсялякім разе, праблема ў тым, што так мала засталося, што трэба захоўваць усё, што ёсьць. Зьнікае сам факт нашага існаваньня, у тым ліку й нэгатыўнага, адбітага ў матэрыяльных сьведчаньнях нашых”.

Кульмінацыяй у рэанімацыі асобы Сталіна ў Беларусі спэцыялісты лічаць пераўтварэньне ў гістарычна-культурны комплекс так званай “Лініі Сталіна” блізу Заслаўя. Дырэктар установы Аляксандар Базарнаў кажа, што ствараўся перадусім музэй фартыфікацыі, які трэба разглядаць у адным шэрагу з кітайскай сьцяной ці лініяй Мажыно.

(Базарнаў: ) “Гэта вельмі ўсіх цікавіць, пачынаючы ад палявых дасьледаваньняў і дасьледаваньняў у архівах. Ёсьць цудоўныя музэі фартыфікацыі ў Эўропе, у Амэрыцы. Пачынаючы з кітайскай сьцяны (гэта ж таксама фартыфікацыя) і заканчваючы лініяй Мажыно, лініяй Сальпа ў Фінляндыі. Адпаведна, мы таксама гэтай тэмай зацікавіліся — асабліва калі ў нас пад нагамі гіганцкая тэма, добра не дасьледаваная, але вельмі цікавая”.

Паводле гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага, ва ўмовах сучаснай Беларусі назіраецца “рэванш камуністычнай ідэалёгіі”: ашчадна ўзнаўляюцца знакі сталіншчыны, а савецкія сымбалі застаюцца на сваіх месцах.

На здымку: рэдкія мінакі здагадваюцца, што Сталін “аздабляе” верхнія паверхі прывакзальных будынкаў Менску. (фота – www.naviny.by)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG