Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-беларуска-ўкраінская тэатральная група завяршае гастролі ў Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск 11 сьнежня завяршаюцца гастролі ў Беларусі польска-беларуска-ўкраінскай тэатральнай групы. У мінулыя выходныя са спэктаклем “Чарнобыль-ТМ” яна выступала ў Менску й Гомелі. Сёньня ўвечары з супольнай творчасьцю актораў з трох краінаў пазнаёмяцца жыхары Веткі.

(Фрагмэнт спэктаклю: ) “Правільна мыцца ў выпадку радыяактыўнага забруджаньня тэрыторыі трэба такім чынам. Халоднай вадой змыць зь цела пыл і бруд. Халоднай вадой — каб поры скуры не адкрываліся і ў іх не пападаў радыяактыўны пыл з паветра. Мыцца з мылам — пад цёплай вадой. Поры адкрываюцца: бруд, што ў іх быў, вымываецца”.

Гэта фрагмэнт спэктаклю, які называецца “Чарнобыль-ТМ”. Ён створаны ў межах праекту “Крык Чарнобылю”, ініцыятыва якога належыць беларусу Зьмітру Чарткову з Жодзіна.



Два гады таму ён быў выключаны з палітычных матываў зь Беларускай акадэміі мастацтваў. Цяпер моладзевы актывіст навучаецца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага, якую ўлады гэтай краіны заснавалі для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Зьміцер Чарткоў — студэнт Кракаўскай вышэйшай тэатральнай школы. Вось што ён паведаміў пра міжнародны тэатральны праект:

(Чарткоў: ) “У гэтым гастрольным туры бяруць удзел тры тэатральныя групы. Гэта польскі тэатар “Бюро падружы”. Ён вулічны тэатар, вельмі знакаміты ў Польшы. Другі тэатар — гэта тэатар з Харкава, “Арабэскі”. І трэці — тэтральная група грамадзкай экалягічнай арганізацыі “Экадом-арт”.

Апошняя — зь Беларусі. Яна й арганізоўвала гастрольны тур па Беларусі. Расказвае яе прадстаўніца Ірына Сухій:

(Сухій: ) “Складанасьці былі ў тым, што ў нас зьбіўся графік. Таму што не былі належным чынам аформленыя дакумэнты й тэатар на мяжы затрымаўся цягам двух з паловай дзён. Вярталіся ў Варшаву й дараблялі дакумэнты. Яны ўжо павінны былі выступіць у Ветцы й Гомелі, а потым толькі ў Менску. З прычыны таго, што яны затрымліваліся, мы зь цяжкасьцю дамагліся, каб нам далі гэтую залю”.



У Менску спэктакль адбыўся ў Палацы культуры трактарнага заводу. На ім прысутнічала каля сотні гледачоў. Студэнтка Тацяна кажа:

(Тацяна: ) “Мне спадабалася. Асабліва моцнае ўражаньне пра салдатаў. Потым — пра людзей, якія жывуць у зоне. Балюча, што людзі ня ведаюць, што там сапраўды страшна”.

Гаворыць рэжысэр Томаш Планскоўскі з Польшчы:

(Планскоўскі: ) “У Польшчы тэма Чарнобылю ня так блізкая, як тут. Я адчуваў, што людзі тут могуць глядзець пра саміх сябе. Што было дваццаць гадоў таму, у Польшчы, магчыма, усе ўжо й забыліся. Мы паказалі пастаноўку ў Познані на фэстывалі “Маскі”, потым у Варшаве”.

12 сьнежня інтэрнацыянальная тэатральная група ад’яжджае на гастролі ва Ўкраіну.
XS
SM
MD
LG