Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…Лукашэнка ды яго каманда жывуць адным днём. Пакуль ва ўладзе рэжым Лукашэнкі, ў Беларусі і ў яе народа няма ні заўтра, ні будучыні...”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 11 сьнежня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

(Зіноўеў:) “Да гадавіны Віскулей раскажыце пра тагачаснага шэфа КДБ Эдуарда Шыркоўскага. Дзякуй. А яшчэ скажыце, ці ёсьць на гудагайскай мытні ізатопны тамограф для праверкі пасажыраў у Калініград”.

(Антон Алёхін, Цюрых:) “Дзень добры, Радыё Свабода. Заўтра 10 сьнежня ўдзень сотні тысяч менчукоў: дэмакраты, сацыялісты з розных куткоў Беларусі прыйдуць на плошчу Каліноўскага сказаць сваё “не” рэпрэсіўнаму рэжыму Лукашэнкі, “не” рэпрэсіям супраць Казуліна, які ў турме вядзе галадоўку ўжо 50 дзён, скажуць “не” цынізму і раўнадушшу ўлады. Страх і абыякавасьць да свайго лёсу пануе над беларусамі. Народ, падымайся з кален! Змагайся з тыранам! Вашы дзеці не прабачаць бацькам абыякавасьці да іх будучыні! Мы, беларусы, якія жывуць у Нямеччыне, Аўстрыі ды Швайцарыі, сярод Вас, патрыёты Бацькаўшчыны! Мы разам з Вамі на плошчы Каліноўскага”.

(Спадар:) “Прывітаньне, Радыё Свабода! Па-праўдзе кажучы, ужо надакучыла, калі Вы кожны дзень абвяшчаеце чарговыя суткі галадоўкі Казуліна. Галадоўка Казуліна – гэта проста піяр. Скажыце, хто такі Казулін, каб па яго патрабаваньню зьбіралася Рада бясьпекі ААН. Такога ніколі ня будзе. Гэта першае. І другое. Як сабе бачыць Казулін, каб Сідорскі ўзяў уладу ад Лукашэнкі, калі Лукашэнка Вярхоўны галоўнакамандуючы, яму падпарадкоўваецца армія, яму падпарадкоўваецца міліцыя, КДБ і гэтак далей. Гэтыя патрабаваньні яўна невыканальныя. І з дапамогай сваіх патрабаваньняў Казулін проста малюецца й хоча прыцягнуць да сябе ўвагу. Вось і ўсё. Дзякуй за ўвагу”.

(Віктар, Менск:) “Сёньня я чуў па радыё “Палёнія”, спадар Купрыянаў, старшыня “Газпрома” ці прэсавы сакратар даваў інтэрвію радыё “Эхо Москвы”. Ён там нешта казаў наконт нашай краіны Беларусі. Вельмі Вас прашу, калі можна, пракамэнтуйце гэта ці дайце ў запісе тое, што ён сказаў. Я думаю, што Вы павінны ведаць пра гэта. Я буду чакаць камэнтара Вашых спэцыялістаў. У панядзелак, ці заўтра…”

(Аляксандр, в. Шымкі Мядзельскага р-на:) “Уключаеш беларускамоўную “Свабоду,” зноў пакутнік Казулін. Абрыдла ўжо. Сам экспэрымэнтальна галадаваў 21 дзень. А гэты беларускі “гапон” сьвятым духам жыве ўжо 50 дзён. Можа, залічым яго ў сьвятыя пакутнікі? А па мне, захацеў чалавек галадаць, няхай галадуе – гэта яго воля. А наўкола такі лямант стаіць! Але ж, напэўна, яго і кормяць, як усіх астатніх”.

“Слухаю Вашу беларускамоўную “Свабоду”. Я не памыляюся: Вашу, а не нашу. Якія адносіны мае гэта “Свабода”да беларусаў? Ваша радыёстанцыя фінансуецца ўрадам Злучаных Штатаў Амэрыкі, і таму Вы ўпарта называеце яе беларускай. І мэты, якія ставяцца перад такімі радыёстанцыямі даўно знаёмыя ўсім у сьвеце. Ня трэба дурыць нам галовы. І вось я прапаную, каб пан Лукашук растлумачыў іх тым, хто яшчэ ня ведае мэты такіх радыёстанцый. Уважліва чакаю адказу”.

(Спадар:) “Галадоўка Казуліна не зьяўляецца актам адчаю з-за несправядлівага суду, бо ён ведае, што вінаваты і заслужыў свае пяць год. Ён галадуе ад крыўды, што Мілінкевіч катаецца па Эўропе, атрымлівае ганарары, ордэны, мэдалі, хоць нічога гераічнага не зрабіў. А Казулін застаўся на другім пляне, і ўсе на яго забыліся. І ён вырашыў сваёю галадоўкай напомніць Эўропе аб сабе. А Эўропа не зьвяртае ўвагі, бо ёй не патрэбны два лідэра апазыцыі. Казулін усё гэта разумее, таму й галадуе. Эўропе застаецца толькі даць не ордэн, а нейкі мэдаль хаця б Казуліну…І ён супакоіцца й перастане галадаць”.

(Уладзімер, Полацак:) “Добры дзень, “Свабода”. Незнарок выпала быць сьведкам спрэчкі паміж прыхільнікамі і супраціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі. Адна сталая прыхільніца Аляксандра Рыгоравіча сказала: “Нам на выбарах хацелі падсунуць нейкага Казуліна. Ды хто ён такі і адкуль? Яго ж ніхто ня ведае. Як можна галасаваць за такога чалавека? А я ведаю Лукашэнку й гатовая ўсё жыцьцё за яго галасаваць”. Я ня мог гэта абмінуць і спытаў у яе: “Скажыце, калі ласка, 12 год таму ВЫ ведалі, хто такі Лукашэнка і адкуль ён вылез?” Яна паглядзела на мяне са зьдзіўленьнем і адказала: “Ня ведаю”. – “Тады я Вам скажу. Гэта ўсяго толькі старшыня захудалага калгасу. Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці. Проста ён трапіў, як кажуць, з гразі ды адразу ў князі. Яму спадабалася. І цяпер ён усімі праўдамі і няпраўдамі за ўладу хапаецца, нікому ня хоча яе аддаваць. А зараз скажу Вам, хто такі Казулін. Ён за яго маладзейшы за Лукашэнку, а ўжо прафэсар, былы рэктар БДУ. Такія званьні каму папала не даюць. І няўжо Вы сур’ёзна думаеце, што акрамя Лукашэнкі ў нас на Беларусі няма вартых людзей?! Ёсьць і ня мала. Уся бяда ў тым, Ваш Лукашэнка нікому не дае слова, усім рот затыкае”. Ня ведаю, ці запэўніў я яе. Хутчэй за ўсё, наўрад ці, таму што гэта замбаваныя людзі. Ім хоць кол на галаве чашы, а яны на сваім стаяць будуць”.

(Спадар:) “Добры дзень, “Свабода”. Цяпер ідзе шмат размоваў пра развал Савецкага Саюзу, хто вінаваты…І ўсе чамусьці абвінавачваюць Ельцына, Шушкевіча і Краўчука. Але пры гэтым, ніхто ня хоча ўспомніць, што, калі Ельцын, Краўчук і Шушкевіч падпісвалі гэты дакумэнт, у Саюзе ўжо заставалася 9 рэспублік з 15, то бок на 40 % гэты Саюз ужо не існаваў. І абвінавачваць толькі гэтых трох чалавек – гэта абсурд. Дзякуй”.

(Ларыса, Менск:) “Спыніць галадоўку да Казуліна зьвярталіся грамадзяне нашай краіны і дыпляматы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама грамадзяне за межамі нашай краіны. Усім было відавочна, што выканаць тое, з чым зьвяртаецца Казуліна да Рады бясьпекі ААН, немагчыма. Перш за ўсё, Аляксандр Лукашэнка абраны большасьцю галасоў, можа, не 95 %, як ён кажа, але 65 – гэта відавочна. Слухала ўчора “Праскі акцэнт,” дзе абмяркоўвалася пытаньне наконт галадоўкі Казуліна. Тыя, хто ўдзельнічаў у гэтай дыскусіі, таксама пацьвердзілі тое, аб чым казалі ўсе, хто зьвяртаўся да Казуліна ў сваіх тэлефанаваньнях і допісах. Чаму толькі на 52-і дзень галадоўкі абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў “Праскім акцэньце”? І чаму апазыцыя не зьвярталася да Казуліна з тлумачэньнем і адказам на яго патрабаваньне, а дачакаліся таго, што яго жыцьцё пад пагрозай”.

“Наконт галадоўкі Казуліна Сьвятлана Алексіевіч сказала, што жыцьцё чалавека даражэй за ўсё на сьвеце. Я зь ёю салідарная ў гэтым. Аляксандр, спыніце галадоўку. У Вас такая цудоўная сям’я, такая цудоўная Ірына. Апошнім часам з-за таго, што так турбуецца за Ваша здароўе і Ваша жыцьцё, нават страціла голас. Пашкадуйце яе. Той народ, за які Вы гатовы аддаць жыцьцё, яшчэ не абудзіўся. Вы яму патрэбны жывым і здаровым, каб яго абудзіць”.

(Павел Васілевіч, 80-гадовы стары, Менск:) “Паважаны Аляксандр Уладзіслававіч Казулін, мой сын! Няхай 10-га сьнежня Дзень правоў чалавека стане апошнім днём тваёй доўгатэрміновай галадоўкі. Бо ў краіне Лукавіне, дзе правоў чалавека і правасудзьдзя няма, а табе, разумнаму чалавеку, змагару за свабоду і правы чалавека, – турма. Трэба жыць і быць здаровым, мой сын!”

(Вучні:) “Растлумачце і падрабязьней, калі ласка, чаму прадстаўнікі дзяржаўнай улады не дазваляюць працаваць у Гарадзенскай вобласьці 5 законным сёстрам і 7 сьвятарам з Польшчы. Хіба прадстаўнікі ўлады маюць законнае права на такія дзеяньні? Калі ласка, вельмі просім”.

(Спадар:) “Увесь час на гэтай “Свабодзе” пра гэтага Казуліна. Мы ўсім домам падпісаліся і вялізным домам на 240 кватэр прагаласавалі супраць яго. Мы за Лукашэнку галасавалі. І цяпер гэты Казулін забіў увесь эфір Вашай радыёстанцыі. Ну, ня есьць ён, няхай ня есьць. Ня трэба рабіць зь яго нейкую асобу. Ён ня здатны кіраваць дзяржавай”.

(Спадарыня:) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу сказаць. Сёньня будуць судзіць Лябедзьку. Я прашу Аляксандры Рыгоравіча: не судзіце, адпусьціце яго на свабоду, ён не вінаваты. Мы ўсіх іх шкадуем. Мы ўсе супраць той дыктатуры, якая ёсьць. Аляксандр Рыгоравіч, мы можа не разумееце нас усіх, як мы пакутуем пра гэтай уладзе. І вас ужо не адзін чалавек прасіў: уступіце, падбярыце сабе працу з высокім акладам і адпусьціце людзей гэтых усіх зь вязьніцы. Адпусьціце Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна. Ён не вінаваты. У яго нэрвы так спрацавалі, што ён ня змог вытрымаць гэта. Ён мусіў ісьці супраць гэтай улады. Адпусьціце”.

(Спадарыня:) “На сустрэчы з працаўнікамі новага музэя Лукашэнка шмат казаў, але запомнілася адна фраза: “Хто ведае, што будзе заўтра”. Гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка і яго каманда жывуць адным днём. Пакуль ва ўладзе рэжым Лукашэнкі, ў Беларусі і ў яе народа няма ні заўтра, ні будучыні”.

(Спадар:) “Ёсьць такая казка пра старога і рыбку. Усе гэтыя рускія, беларускія, украінскія казкі вельмі мудрыя. Дык вось гэтую казку можна прымяніць да Казуліна. Здаецца, разумны чалавек…І Вы нават кажаце, што ён прафэсар…А ён не разумее, што патрабаваньні, якія ён ставіць ня толькі разглядаць будуць…Там сьмяюцца над тым, каб уносіць нейкія зьмены ў працу ААН па патрабаваньню Казуліна. Я не магу зразумець, з чым ён нязгодны. Пакрыўдзіўся на тое, што яму пакіраваць не далі? Дык людзі яго не абралі. Што ж зрабіць? Хто ж вінаваты ў гэтым? Ці калі ён бойку ўчыніў…Паказвалі па тэлебачаньню: “Я марская пэхота, я вам пакажу!” Яго прысьмірылі. Не зразумеў, пакрыўдзіўся, ці што? Пачаў хуліганіць на вуліцы, падымаць людзей, ісьці на турму… Гэта ж дзяржаўнае злачынства. Некалі за гэта..Яму яшчэ сьціпла далі… Вось і ўсё. Ты павінен зьвярнуцца ў рэспубліканскія органы, нарэшце да прэзыдэнта. Выказаць яму, дзе ён ня мае рацыю, прызнаць свае памылкі. І вось так вырашаць трэба”.

(Мікола Канаховіч, Пружаны:) “Паважанае Радыё Свабода, я хачу зьвярнуцца да сьпевака Андрэя Кунца. Паважаны падлетак, сьпявак Андрэй Кунец, ад шчырага сэрца віншую цябе з Днём народзінаў, Калядамі, Новым 2007-м годам і другім месцам на Эўрабачаньні. Гэта вельмі высокі паказчык. У першую чаргу жадаю табе вырасьці не манкуртам, не вырадкам і не здраднікам беларусшчыны, а самасьвядомым, паважлівым да чалавечай годнасьці і нацыянальнага гонару грамадзянінам. Запомні, унучак, на ўсё сваё жыцьцё, шаноўны хлопчык Андрэйка, што ў чалавека ня можа існаваць дзьвюх кроўных моў, як і ня можа быць дзьвюх кроўных матуль. Ад нашага беларускага народу яго спрадвечную родную мову калябарацыяністы ды марыянэткі, халуі чужаземцаў прымусова адабралі, замяніўшы на чужую. Сьпяваючы на чужой мове, ты назаўсёды застанешся чужаком сярод сваіх, а гэта значыць, здраднікам. Андрэйка, будзь патрыётам. Жадаю табе ў жыцьці ўсяго самага лепшага. З павагай да цябе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG