Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Наркевіч


Алесь Наркевіч, Вялейка Пра свой працоўны тыдзень апавядае Алесь Наркевіч –– малады бард, актыўна цікавіцца краязнаўствам, гісторыяй ды бізнэсам. Жыве ў Вялейцы.

Чацьвертага сьнежня. Панядзелак.

Яшчэ цёмная раніца. Яшчэ за запацелымі вокнамі чырвона-белымі агеньчыкамі зьзяе мая “Эйфелева вежа” –– вялізны комін цэнтральнай кацельні. У ранішняй смузе яна выглядае найбольш прывабна і праўдападобна. Папіваючы каву, назіраю з вышыні свайго пятага паверху, як паціху-патроху скрозь туман у новы дзень прабіваецца сонны горад. Мокрыя чорныя дахі –– нібы тая суша, што явілася ў дзень трэці. “І убачыў Бог, што гэта добра”. З добрымі думкамі выбіраюся з кватэры наўпрост у зіму. Апошнім часам палюбіў зіму з зялёнай травічкай, з +10 градусаў і няхай нават з дажджом. Хто мае старэнькага “дызеля” і ня мае гаражу –– мяне зразумее. А гадоў 25 таму зіма падабалася ці ня больш за лета. (Яшчэ адна прыкмета старасьці?)

Зарэгістраваў сабраныя подпісы. Нават зьдзівіла апэратыўнасьць –– за хвіліну прайшоў два кабінэты –– ніхто нічога не спытаўся. Увогуле, уражаньне, што выбарамі ніхто не цікавіцца –– гэта вам ня бітва за ураджай. Выбарчых баталіяў не прадбачыцца. Ды й навошта яны зараз? Размаўляў з некалькімі кандыдатамі ў кандыдаты –– яны таксама не разумеюць. Шкада, што і пасьля 19-га сакавіка апазыцыйныя рухі не адважыліся шчыра ацаніць сваю дзейнасьць, пералічыць шэрагі, зрабіць цьвярозыя высновы. У сёньняшняй сытуацыі больш заўважная ня моц улады, а слабасьць апазыцыі. Недзе праскочыла інфармацыя, што камуністы здымуць сваіх кандыдатаў. Думаю, электарат ня будзе супраць. Нават калі ўсе паздымаюцца, электарат не абурыцца –– ён папросту не заўважыць.

Пятага сьнежня. Аўторак.

Еду на Менск. Звыклая да суму дарога: Маладэчна, Радашковічы, Заслаўе, Ратамка...Ці ні пяць апошніх гадоў гасьцінец рамантуецца-ўдасканальваецца, але зьмены ня вельмі заўважныя. Затое кідаецца ў вочы “Гісторыка-культурны комплекс Лінія Сталіна”. З дарогі добра бачны бюст “гаспадара”, а таксама вялізны надпіс на кургане-пастамэнце пад бронемашынай: “СЛАВА НАРОДУ ПОБЕДИТЕЛЮ”. Не зразумела, у чым гісторыка і дзе культура. Мінаючы гэты комплекс, заўважаеш некаторую сымбалічнасьць, нібыта перасякаеш мяжу, апынаесься ў іншай краіне. Асфальт, бэтон, мітусьня, тлум. Усё змаскалена ўшчэнт. Ясная справа –– гэта Менск, і ён ніяк ня можа быць Менскам, ён амаль варожы, і ўжо даўна не мая сталіца. Ён больш падобны да чужой краіны, у якой ніколі б не хацелася жыць. Хаця б таму, што ў якім-небудзь “кафе” стамляесься тлумачыць, што кава –– гэта не какава, а “кофе па вашаму”. І толькі аднойчы быў прыемна ўражаны, калі, набыўшы напой у якімсьці “смачнаесьці”, на свой звычайны “дзякуй” пачуў у адказ няўпэўненае “калі ласка”. Гэта была кітаянка альбо в’етнамка. Яна мне ветліва ўсьміхнулася. Вечарамі часьцяком пачалі рвацца пэтарды, дзе-нідзе ўжо бачныя гірлянды агеньчыкаў. Люд падганяе, зазывае новы год, відаць, з надзеяй на нешта лепшае. Дарэчы, вучоныя-фізыкі, Нобэлеўскія ляўрэаты-2006, схіляюцца да думкі, што Сусьвет узьнік у выніку “вялікага выбуху” –– відаць, і самотны Бог любіў пабавіцца фаервэркамі.

Шостага сьнежня. Серада.

Па Вялейцы ходзяць чуткі, што прыедзе Лукашэнка. 22-га павінна здавацца экспэрымэнтальная, новага тыпу цеплавая электрастанцыя. Будаўніцтва ішло ўдарна-аўральным тэмпам месяцаў пяць! І здадуць жа, і будзе працаваць і даваць краіне электрычнасьць, забясьпечваючы энэрганезалежнасьць. Люд трохі непакоіцца, каб экспэрымэнт прайшоў удала і не нашкодзіў. Станцыя зьбіраецца працаваць на “мясцовым паліве”, а гэта можа адбіцца на коштах дроў для прыватнага сэктару. Ня шмат хто адважваецца падводзіць газ за 3-5 мільёнаў. А ці будзе той газ? Хто ня чуў прароцтвы прэзыдэнта пра катастрафічна цяжкі наступны год? “А што вы думаеце пра будаўніцтва АЭС у Беларусі?” –– “А нічога!” –– “Ну як жа? Чаму?” –– “Адчапіся! У нас ёсьць каму думаць!” –– тыповы беларускі дыялёг. Вядуцца размовы пра дэнамінацыю: насельніцтва гадае, на колькі зьбяднеем – на адзін, два ці тры нулі. Шмат хто кінуўся ў банк па крэдыты. Жыцьцё віруе. У прадпрымальнікаў новая забаўка –– абавязалі іх маркіраваць некаторыя тавары: абутак, дыскі, каву, гарбату і, здаецца, яшчэ нешта. А маркі прадае падатковая інспэкцыя. Недарагія маркі, але капеечка да капеечкі –– глядзіш, у Менску яшчэ большую бібліятэку пабудуюць... Пасьля мітусьлівага дня, сьцямнелым вечарам прыемна пачуць касьцельныя званы (няхай электрычныя). Іх мэладычны звон разносіцца далёка, высока, у неабсяжную цемру, у глыбіню душы, супакойвае, спыняе, абуджае, кліча да нечага нетутэйшага... Але заўтра новы тлумны дзень. Сёмага сьнежня.Чацьвер.

Салідарнасьць. Ці існуе беларуская салідарнасьць? Што гэта? Можа, гэта нейкі клей? Можа, гэта ланцугі, якія павінны злучаць нас? Можа, гэта паветра, каторым мы ўсе дыхаем? Але непадобна да таго, што мы, беларусы, дыхаем адным паветрам. Нябачна і тых ланцугоў, што нас лучаць. Няма цуда-клею, каторы б дапамагаў быць нам як адно цэлае хаця б ў патрэбныя моманты. Салідарнасьць магла б мацаваць наша мова, але і з гэтым –– праблема. Нават сярод аднадумцаў няма паразуменьня. Амбіцыі, амбіцыі... І таму на сустрэчу з выбітнымі беларускімі творцамі ў двухмільённым горадзе зьбіраецца 30-50 зацікаўленых, а наклад адзінай(!) сапраўды беларускай газэты не перавышае 3-ох тысячаў. Шкада грошаў? Хутчэй не хапае ў нашым паветры нейкага элемэнту-злучыва, альбо ў душах, альбо ў галовах. Пакуль у краіне ўтрымліваюцца палітвязьні –– ці ні ёсьць удзел у псэўдавыбарах супрацоўніцтвам з дыктатурай? Ці не ператварыліся амбіцыі палітыкаў ў шоры? Восьмага сьнежня. Пятніца.

Паводле навінаў зь беларускага тэлебачаньня –– гэта трагічны дзень для ўсяго савецкага народу. Дзень падпісаньня Віскулёўскай дамовы. Калі і ёсьць аб чым шкадаваць на руінах СССРу, дык гэта аб змарнаваных магчымасьцях пабудовы сапраўды незалежнай, сапраўды Беларускай дзяржавы. Беларусы, як людзі абсалютна зсаветызаваныя, выявіліся няздольнымі да творчасьці. Новая краіна –– некрануты неабмежаваны абсяг для стварэньня, для ўзьнёслага выкарыстаньня свайго розуму, сваіх сілаў, для эфектыўнага ўкладаньня душы. Новая краіна –– гэта як немаўлятка, гэта тое, што ты павінен выхаваць, выгадаваць, вырасьціць да пэўнага самастойнага ўзросту, каб пасьля зь лёгкай душой мог выправіць у вольны сьвет. Відавочна, што мы праігнаравалі дадзеную магчымасьць, кінуўшы краіну пад ногі прыхадням-прайдзісьветам. І гэтыя ўжо балююць: брсэмы, саборы, казакі, сувораўцы, сталіны, дзяржынскія –– і каго толькі яшчэ сюды не набрыло... Рухнуў доўгатрывалы савецкі міт аб працавітых беларусах –– лайдакі і абібокі мы, калі толькі ня зводзіць працу да “капаць альбо не капаць”. Асэнсаваная стваральная праца –– можа, некалі мы гэтаму ўсё ж такі навучымся. Абы не спазьніцца.
XS
SM
MD
LG