Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць актывістаў “Маладога фронту”, затрыманых 10 сьнежня


Любоў Лунёва, Менск Cёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску будуць судзіць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алега Корбана, Уладзімера Сяргеева, Зьмітра Хведарука і Аляксандра Іўлева. Іх і яшчэ каля двух дзесяткаў чалавек затрымалі ўчора ўвечары ў Дзень правоў чалавека ў часе разгону акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Маладафронтаўцаў і лідэра АГП Анатоля Лябедзьку абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Лідэра АГП адпусьцілі да суду, а хлопцаў адвезьлі ў турму на Акрэсьціна.

Паплечнікі Алега Корбана, Уладзімера Сяргеева, Зьмітра Хведарука і Аляксандра Іўлева прыйдуць а 9 раніцы ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Цяпер адміністрацыйныя судзьдзі знаходзяцца на другім паверсе будынку, у якім раней месьціўся зьліквідаваны ўладамі Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Хлопцаў, якіх затрымалі ў часе разгону несанкцыянаванай уладамі акцыі, абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Паводле міліцыянтаў яны нецэнзурна лаяліся.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка лічыць, што рэпрэсіі ўладаў накіраваны перш за ўсё супраць моладзі.

(Палажанка:) “Нялёгка цяпер маладафронтаўцам. Два судзілішча на адным тыдні. Гэта сьведчыць аб тым, што ціск на моладзь не спыняецца, што ўлада баіцца гарачага сэрца, мужнасьці духу ды шчырасьці ў дзеяньнях. Нягледзячы ні на што, мы будзем працаваць далей, каб зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне”.

Сябры “Маладога фронту” Алег Корбан, Уладзімер Сяргееў, Зьміцер Хведарук і Аляксандар Іўеў могуць трапіць за краты на тэрмін ад 3 да 15 сутак арышту. Паводле 156 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (дробнае хуліганства) сумы штрафаў у некалькі разоў меншыя, чым за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

У Дзень правоў чалавека актывісты моладзевага дэмакратычнага руху правялі яшчэ адну акцыю каля станцыі мэтро “Пушкінская”. Яны прымацавалі да сваёй вопраткі плякаты. Наперадзе было напісана: “Правы чалавека 10 сьнежня”. А ззаду: “Мяне зараз могуць арыштаваць. За што?”, “Я не магу вучыцца на беларускай мове” ды іншыя. Маладыя людзі мелі на галовах імправізаваныя шапкі з паперы. Наперадзе яны былі звычайнага белага колеру, а ззаду – у палоску. Намесьнік старшыні моладзевай арганізацыі партыі БНФ Ільля Богдан удзельнічаў у акцыі.

(Богдан:) “Гэта была адзіная магчымасьць пазьбегнуць затрыманьняў, тое, што акцыя была маленькая і імгненная. Таму, лічу, што мы й надалей будзем ладзіць такія акцыі. Мінакі, калі мы праходзілі, паварочваліся і бачылі якія ў нас ззаду шапкі і што напісана…Хтосьці сьмяяўся, хтосьці пачынаў уважліва чытаць улёткі”.

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку будуць судзіць заўтра, 12 сьнежня. Ён мусіць самастойна прыехаць у міліцыю а 10 раніцы. Адтуль яго пад аховай прывязуць у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG