Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як слонімскія журналісты “скажалі” факты


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Журналісты “Газеты Слонімскай” Вольга Шынкевіч й Мікола Канановіч давалі днямі тлумачэньні ў раённай пракуратуры па сваіх публікацыях, у якіх вялася гаворка пра цяжкае жыцьцё састарэлых людзей. Загадчыца аддзелу працы й сацыяльнай абароны райвыканкаму, Кацярына Руткоўская, абвінаваціла журналістаў у наўмысным скажэньні фактаў й зьвярнулася ў пракуратуру. Героі матэрыялаў падтрымалі раённую чыноўніцу.

83-гадовы сланімчанін, вэтэран вайны, на працягу некалькіх месяцаў чакаў, каб мясцовыя ўлады дапамаглі адрамантаваць дах на ягонай хаце. Мікола Канановіч выяжджаў да пэнсіянэра пасьля яго звароту ў рэдакцыю. А ў пракуратуры ён даведаўся зусім іншае:

(Канановіч: ) “Ён нават напісаў такі ліст у райвыканкам, што да мясцовых уладаў ня мае ніякіх прэтэнзій. А датычна газэты – маўляў, не зразумеў, зь якой менавіта газэты да яго прыехалі, бо надта хутка нешта пыталіся”.

Дарэчы, дах на ягонай хаце, са слоў Канановіча, дагэтуль не адрамантаваны.

Журналістка Вольга Шынкевіч распавяла чытачам пра 80-гадовую Надзею Пясецкую, якая жыве ў паўразбуранай хаце, без сьвятла, сьпіць у адзеньні, не заўсёды можа дайсьці да крамы, а дапамагчы няма каму. Вольга нават прывезла бабульцы ад рэдакцыі харчоў й тая вельмі цешылася.

Пасьля публікацыі матэрыялу да спадарыні Пясецкай наведаліся супрацоўнікі сацыяльнага аддзела, спраўдзілі ўмовы яе жыцьця й сказалі, што забяруць яе ў дом састарэлых, а бабуля гэтага вельмі ня хоча таму й адмовілася ад таго, што раней распавядала журналістцы. Болей на парог сваёй паўразваленай хаты яна Вольгу Шынкевіч не пускае.

Журналістка хоць й расхвалявалася, але хоча давесьці справу да канца.

(Шынкевіч: ) “Вельмі хочацца напісаць пра тое, як часам здараецца, калі ты робіш дабро, а сытуацыя паварочваецца да цябе зусім дзіўным чынам”.

(Канановіч: ) “Я ў той дзень апошнім размаўляў са сьледчым Карытцам. Ён мне сказаў: “Шкада дарэмна патрачанага й вашага, й нашага часу”.
XS
SM
MD
LG