Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя перашкаджае беларускім прадпрымальнікам


Міхал Стэльмак, Менск Прадпрымальнікі пачалі падсумаваньне вынікаў дзейнасьці ў 2006 годзе. Адной з галоўных перашкод ў справе разьвіцьця бізнэсу яны лічаць высокі ў краіне ўзровень карупцыі.

Карупцыі ў Беларусі спрыяе цяперашняя структура нацыянальнай эканомікі. Да такой высновы прыйшлі у Менскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў. Меркаваньне лідэра саюзу Уладзімера Карагіна:

(Карагін: ) “У нас занадта многа дзяржавы ў эканоміцы. А дзе шмат дзяржавы ў эканоміцы, там заўжды будзе вялікая карупцыя. І многія прадпрымальнікі, як мы выявілі, не ведаюць, як паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі. Мы праводзілі сустрэчы, дзе расказалі прадпрымальнікам іх правы, каб мярзотнікі, казнакрады не пілі нашай крыві”.

Менскі сталічны саюз адкрыў “гарачую лінію” для прадпрымальнікаў, каб супрацьдзейнічаць хабарніцтву й паборам. Паводле спадара Карагіна, бізнэсоўцы тэлефануюць й просяць дапамогі – абароны ад чыноўнікаў-хабарнікаў.

Яшчэ больш складаная сытуацыя з карупцыяй у рэгіёнах. Гаворыць актывістка Віцебскай асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Ніна Лук’янава:

(Лук’янава: ) “Парушаюцца ўсялякія законы рынку. Мясцовая адміністрацыя бярэ на сябе правы: патрэбен гэты бізнэс ці не. Гэта адбываецца з-за недасканаласьці заканадаўства, якое дазваляе мясцовым чыноўнікам праяўляць сваю волю як захочуць”.

Падобная сытуацыя й на Магілёўшчыне. Прадстаўнікі “вэртыкалі”, як лічаць бізнэсоўцы, адчуваюць сябе тут сапраўднымі гаспадарамі. Старшыня абласнога грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская:

(Казлоўская: ) “Вялікія правы дадзены старшыням райвыканкамаў, якія вырашаюць, якому бізнэсу існаваць, а якому не, хто будзе працаваць, а хто не, каму даць ліцэнзію, а каму не. Бываюць такія перагібы, калі прыяжджаюць да прадпрымальніка і пачынаюць патрабаваць такія рэчы, якія не зусім прымальныя для прадпрымальніка, і што “мы цябе праверкамі пакараем”.

На Берасьцейшчыне абласны саюз прадпрымальнікаў сёлета не аднойчы спрабаваў змагацца з тутэйшымі карупцыянерамі. Аднак гэта складана, прызнаецца іх лідэр Ніна Карпінчык:

(Карпінчык: ) “У сьнежні гэтага году мы хацелі правесьці сэмінар для сяброў нашага саюзу і тых, хто не зьяўляецца імі, сэмінар, бясплатны, на тэму пра выкананьне закону аб карупцыі. Выканкам мясцовага Савету, намесьнік старшыні Маларыцкага райвыканкаму сказаў, што няма неабходнасьці праводзіць сэмінар”.
XS
SM
MD
LG