Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: пасьля арышту выйшаў на волю Алесь Абрамовіч (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Жыхар Барысава, актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" адбываў 15 сутак арышту за акцыю салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным.

25-га лістапада, калі ля калёніі "Віцьба-3" на знак падтрымкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты сабраліся вядомыя бедарускія палітыкі і прадстаўнікі грамадзкасьці, Алесь Абрамовіч выйшаў з натоўпу ўдзельнікаў і некалькі разоў крыкнуў: “Свабоду Казуліну! Свабоду ўсім палітвязьням! Лукашэнку за краты!”

Алесь Абрамовіч распавёў, што ў віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня мясцовыя праваабаронцы і грамадзкія актывісты прыносілі яму ня толькі харчовыя перадачы, але й сьвежыя газэты. Таму ён ведае, што Аляксандар Казулін дагэтуль працягвае палітычную галадоўку. Праз Радыё Свабода Алесь Абрамовіч папрасіў перадаць словы салідарнасьці палітвязьню.

(Абрамовіч: ) "Я хачу яму сказаць, што ён не адзін, што кола ягоных паплечнікаў шырыцца. І што яму трэба выходзіць з галадоўкі, бо ён патрэбны на волі ў якасьці пераможцы, жывым! І ён мусіць ведаць, што ягонае знаходжаньне за кратамі мае розгалас у сьвеце, абуджае людзей, якія хочуць перамен!"

Алесь Абрамовіч кажа, што нават у турэмнай камэры самай галоўнай тэмай размоваў была палітычная сытуацыя ў краіне: даведаўшыся, што ён асуджаны "за палітыку", суседзі па зьняволеньні падрабязна распытвалі яго і пра лёс Аляксандра Казуліна, і пра пляны іншых апазыцыйных лідэраў.

Што да самога спадара Абрамовіча, то гэтыя 15 сутак у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня сталіся для яго ўжо трэцім арыштам на працягу гэтага году: у студзені ён адбыў 7 сутак у турме на Акрэсьціна ў Менску за тое, што выйшаў да прэзыдэнцкай адміністрацыі з плякатам “Выбары без дыктатара Лукашэнкі”, а ў кастрычніку атрымаў 15 сутак зьняволеньня за выхад да будынку прэзыдэнцкае адміністрацыі зь лёзунгам “Свабоду Казуліну і палітвязьням!” А ўвогуле за апошнія 7 год ён трапляў за краты 18 разоў.

(Абрамовіч: ) "15 сутак за свабоду ня цяжка сядзець! Цяжка сядзець толькі вінаватым. Як у Бібліі напісана: "Бойцеся трапіць за краты рабаўнікамі, гвалтаўнікамі, злодзеямі". А за праўду сядзець ня бойцеся. За свабоду сядзець – ня цяжка!"



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG